Відэа-агляд на новую модульную прыбіральню ў парку Жылібера з’явіўся ў TikTok-акаўнце slivkiby_grodno. У каментарах карыстальнікі сталі дзяліцца сваім досведам — камусьці спадабалася чысціня, хтосьці не заспеў у туалеце святла і паперы, а шматлікія, як і аўтарка, наогул не змаглі туды патрапіць.
У роліку дзяўчына расказала пра асаблівасці туалета: водаадвод, ацяпленне, спосабы аплаты — а таксама пра тое, што пасля аплаты да блакіроўкі дзвярэй ёсць усяго 10 секунд, каб зайсці. А пасля падзялілася сваёй гісторыяй — як гуляла з вялікай кампаніяй у цэнтры Гродна і паспрабавала скарыстацца гэтым туалетам. Выдаткаваўшы 3 рублі (кошт уваходу — 1 рубель), ніхто з кампаніі так і не змог патрапіць унутр.
«Пасля нас людзі спрабавалі ў чарзе. Аплата праходзіць, зялёны сігнал, мы тузаем — дзверы зачыненыя, — распавяла аўтарка відэа. — Вядома, у выніку ратуе былая [кафэ] „Бярозка“».
@slivkiby_grodno ♬ оригинальный звук — slivkiby_grodno
Некаторым людзям з каментароў таксама не ўдалося трапіць унутр. Адна з карыстальніц распавяла аб людзях, што былі перад ёй: яны пакінулі ў туалеце 5 рублёў, але так і не змаглі зайсці. Іншая не змагла зайсці ў прыбіральню ў Пышках, хоць гарэў зялёны. «Не патрапіць нават праграмісту», — адзначыў каментатар ніжэй. Іншым карыстальнікам з такой прыбіральняй пашанцавала больш. «Наяўнасць закінулі, пікнуў і не адкрыўся, картай правялі і падумаўшы адчыніліся дзверы», — распавёў адзін з іх (тут і ніжэй мы захоўваем пунктуацыю аўтараў каментароў).
Тыя, хто заходзіў у прыбіральню на Замкавай, адзначылі, што ўнутры «ўсё вельмі стэрыльна». «Мы там былі, усё вельмі чыста. Пахне, ёсць аднаразовыя накладкі на ўнітаз, рукі можна памыць і нават пасушыць. Вісіць нібыта люстэрка і шмат вольнага месца. Мне спадабалася», — падзялілася карыстальніца Natali.
«Я заходзіла, але ні вады, ні паперы не было», — распавяла іншая, Святлана. Ні святла, ні паперы не заспела ў Пышках каментатарка Оля.
«Гэта не туалет. гэта — гарадская скарбонка», — напісала карыстальніца з нікам «мамаКузи».
Таксама ў каментарах разгарэлася спрэчка, ці павінны гарадскія прыбіральні быць бясплатнымі. Частка карыстальнікаў стаіць за тое, што гэта элементарная патрэба, яе можна рэалізаваць за падаткі, і «раней усе прыбіральні былі бясплатнымі». Частка — за неабходнасць аплачваць паслугу.
«Гэта на колькі адстала краіна ад усяго свету, калі людзі радуюцца прыбіральні», — абурыўся тэмай Аляксей.
Новыя модульныя прыбіральні ўстанавілі ў Гродне ў канцы жніўня 2024 года. Такі ж модульны туалет крыху раней, у пачатку лета, з’явіўся ў Віцебску — і ён таксама не без праблем. Ні журналіст Vitebsk.biz, ні жанчына, якая падышла адначасова з ім, не змаглі патрапіць туды пры аплаце картай, а наяўных пры сабе не было. У TikTok адзначалі, што такая прыбіральня ёсць і ў Мінску.
Чытайце таксама: Вядомыя і невядомыя прыбіральні Гродна: куды бегчы ў цэнтры горада, калі захацелася «справіць патрэбу»?
"Гродна. Турыстычная карта для гасцей горада" выйдзе накладам 6000 штук. Усе асобнікі будуць толькі на…
На таргі выставілі ўчастак каля кальцавой развязкі праспекта Касманаўтаў і вуліцы Карскага. Згодна з прызначэннем…
Сэрвіс карт ад Google абнавіў спадарожнікавыя фатаграфіі Гродна. На іх можна ўбачыць найбуйнейшыя будоўлі горада,…
Гродзенка Вікторыя Талкоўская апублікавала TikTok, у якім папрасіла гараджан назваць самыя змрочныя месцы Гродна. За…
Праз дарогу ад гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы прадаюць трохпакаёўку ў новым доме.…
Плануецца, што ў кожным раёне з’явіцца па дзве новыя пляцоўкі для выгулу хатніх жывёл. Адпаведны…