Відэа-агляд на новую модульную прыбіральню ў парку Жылібера з’явіўся ў TikTok-акаўнце slivkiby_grodno. У каментарах карыстальнікі сталі дзяліцца сваім досведам – камусьці спадабалася чысціня, хтосьці не заспеў у туалеце святла і паперы, а шматлікія, як і аўтарка, наогул не змаглі туды патрапіць.
У роліку дзяўчына расказала пра асаблівасці туалета: водаадвод, ацяпленне, спосабы аплаты – а таксама пра тое, што пасля аплаты да блакіроўкі дзвярэй ёсць усяго 10 секунд, каб зайсці. А пасля падзялілася сваёй гісторыяй – як гуляла з вялікай кампаніяй у цэнтры Гродна і паспрабавала скарыстацца гэтым туалетам. Выдаткаваўшы 3 рублі (кошт уваходу – 1 рубель), ніхто з кампаніі так і не змог патрапіць унутр.
“Пасля нас людзі спрабавалі ў чарзе. Аплата праходзіць, зялёны сігнал, мы тузаем – дзверы зачыненыя, – распавяла аўтарка відэа. – Вядома, у выніку ратуе былая [кафэ] “Бярозка””.
@slivkiby_grodno ♬ оригинальный звук – slivkiby_grodno
Некаторым людзям з каментароў таксама не ўдалося трапіць унутр. Адна з карыстальніц распавяла аб людзях, што былі перад ёй: яны пакінулі ў туалеце 5 рублёў, але так і не змаглі зайсці. Іншая не змагла зайсці ў прыбіральню ў Пышках, хоць гарэў зялёны. “Не патрапіць нават праграмісту”, – адзначыў каментатар ніжэй. Іншым карыстальнікам з такой прыбіральняй пашанцавала больш. “Наяўнасць закінулі, пікнуў і не адкрыўся, картай правялі і падумаўшы адчыніліся дзверы”, – распавёў адзін з іх (тут і ніжэй мы захоўваем пунктуацыю аўтараў каментароў).
Тыя, хто заходзіў у прыбіральню на Замкавай, адзначылі, што ўнутры “ўсё вельмі стэрыльна”. “Мы там былі, усё вельмі чыста. Пахне, ёсць аднаразовыя накладкі на ўнітаз, рукі можна памыць і нават пасушыць. Вісіць нібыта люстэрка і шмат вольнага месца. Мне спадабалася”, – падзялілася карыстальніца Natali.
“Я заходзіла, але ні вады, ні паперы не было”, – распавяла іншая, Святлана. Ні святла, ні паперы не заспела ў Пышках каментатарка Оля.
“Гэта не туалет. гэта – гарадская скарбонка”, – напісала карыстальніца з нікам “мамаКузи”.
Таксама ў каментарах разгарэлася спрэчка, ці павінны гарадскія прыбіральні быць бясплатнымі. Частка карыстальнікаў стаіць за тое, што гэта элементарная патрэба, яе можна рэалізаваць за падаткі, і “раней усе прыбіральні былі бясплатнымі”. Частка – за неабходнасць аплачваць паслугу.
“Гэта на колькі адстала краіна ад усяго свету, калі людзі радуюцца прыбіральні”, – абурыўся тэмай Аляксей.
Новыя модульныя прыбіральні ўстанавілі ў Гродне ў канцы жніўня 2024 года. Такі ж модульны туалет крыху раней, у пачатку лета, з’явіўся ў Віцебску – і ён таксама не без праблем. Ні журналіст Vitebsk.biz, ні жанчына, якая падышла адначасова з ім, не змаглі патрапіць туды пры аплаце картай, а наяўных пры сабе не было. У TikTok адзначалі, што такая прыбіральня ёсць і ў Мінску.
Чытайце таксама: Вядомыя і невядомыя прыбіральні Гродна: куды бегчы ў цэнтры горада, калі захацелася «справіць патрэбу»?



