Нехта спрабаваў пісаць падначаленым старшыні Лідскага райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага ад яго імя. Пра гэта ён распавёў сам у зарэгістраваным на яго імя Telegram-канале, дзе і раней пісаў навіны аб сваёй працы.

«Ашуканцы пачалі падрабляць акаўнты кіраўнікоў, каб здабыць патрэбныя ім звесткі. Дабраліся ўжо і да мяне», — напісаў Вярсоцкі.

«Зламыснікі ствараюць фэйкавы акаўнт кіраўніка, як правіла, у Telegram: прозвішча і імя чалавека, а таксама могуць быць яго фатаграфіі — усе яны рэальныя, з афіцыйнага сайта або сацыяльных сетак. Ведаем, што ашуканцы навучыліся падрабляць нават галасы. Не адказвайце! І тым больш не перадавайце звесткі! Для гэтага ёсць афіцыйныя каналы сувязі».

Вярсоцкі нават замацаваў у сваім канале пост з гісторыяй пра фэйкавы акаўнт і ўдакладніў, што сам канал у парадку і абаронены падвойнай верыфікацыяй. Што ўсё ж хацелі ашуканцы і як удалося іх раскрыць, ён не ўдакладніў.

Андрэй Баляслававіч — поўнае імя намесніка старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Андрэя Богдана.

Чытайце таксама: У гродзенскага медыя скралі канал у Telegram. Правілы кібербяспекі ад Hrodna.life

Новы спосаб падману

Такі спосаб падману — пісаць супрацоўнікам ад імя кіраўніка — сапраўды пачалі выкарыстоўваць ашуканцы. У красавіку 2024 у Магілёве настаўніцы ў мэсэнджэры пісаў нібыта яе дырэктар — аб праверцы на працы і падазрэнні яе самой у махлярстве, а потым тэлефанавалі несапраўдныя міліцыянеры. Каб ануляваць быццам бы ўзяты на яе крэдыт, яе пераканалі насамрэч аформіць крэдыт і перавесці грошы на чужы рахунак. У працэсе размоў яна западозрыла падман і звярнулася ў сапраўдную міліцыю. Перавесці грошы ашуканцам яна не паспела.

Такая схема зваротаў ад імя гендырэктараў або топ-мэнэджараў кампаній да іх супрацоўнікаў раней распаўсюдзілася ў Расіі. Пры гэтым звычайна на ахвяру аказваюць псіхалагічны ціск: быццам бы ўзнікла экстраная сітуацыя, якая патрабуе прыняцце неадкладных мер.

Былы галоўны ідэолаг вобласці

Аляксандр Вярсоцкі стаў кіраўніком Лідскага раёна літаральна пару тыдняў таму — у пачатку кастрычніка. Да гэтага з 2020 года ён кіраваў Свіслацкім райвыканкамам. Пры ім з 2022 года там сталі праводзіць фестываль «Бацькава булка» і нават спрабавалі адкрыць кітайскую майнінг-ферму. Яшчэ раней, з 2011 года, узначальваў упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама, быў першым намеснікам і з 2018 года начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама.

Чытайце таксама: Фестывалямі «Батькава булка» і «Синьор Помидор» будуць прыцягваць турыстаў на Гродзеншчыну