У Беларусі 14 201 чалавек, якім у 2023 годзе ўпершыню выставілі дыягназ алкагалізм — гэта на 90 чалавек менш, чым у папярэднім годзе. Гродзенская вобласць па гэтым паказніку знаходзіцца на апошнім месцы — але радавацца рана.

У Гродзенскай вобласці ў 2023 годзе дыягназы алкагалізм і алкагольны псіхоз упершыню паставілі 1593 людзям — гэта на 91 чалавек больш, чым годам раней. У 2021 годзе такіх людзей было яшчэ на 66 менш — 1433, а вось у 2020 іх было амаль столькі ж — 1534, але і гэта было на 232 менш, чым у 2019. І ўсё ж тэндэнцыя пакуль добрая — паводле дадзеных Белстата 10 гадоў таму дыягназ алкагалізм у Гродзенскай вобласці ўпершыню паставілі 2 886 людзям.

Гродзенская вобласць другі год утрымлівае апошняе месца па колькасці чалавек з упершыню пастаўленымі дыягназамі алкагалізм і алкагольны псіхоз у Беларусі сярод абласцей і Мінска. Усяго ж у краіне пасля працяглага зніжэння паказчыка рост быў у 2022 годзе — 14 291 чалавек супраць 12 734 у 2021-м. У 2023 часцей за ўсё такі дыягназ ставілі ў Гомельскай вобласці - 2309 чалавек, за ёй ідзе Брэсцкая — 2254 чалавекі. Але і там і там у параўнанні з мінулым годам назіраецца падзенне паказніка.

Чытайце таксама: На трэцім месцы па Беларусі. Колькі і што п’юць у Гродзенскай вобласці?

А гэта шмат ці мала?

У пераліку па колькасці алкаголікаў на 100 тыс. чалавек Гродзенская вобласць у 2023 годзе аказалася трэцяя з канца — 160 чалавек супраць 91,2 у Мінску і 146,1 у Мінскай вобласці. Годам раней у Гродзенскай вобласці было 149,5 алкаголіка на 100 тыс. насельніцтва — тады адносная колькасць вырасла на 7,9 пасля стабільнага падзення з 2018 года. Найбольш алкаголікаў у пераліку на 100 тыс. чалавек у 2023 годзе было ў Віцебскай вобласці - 203,8, за ёй ідуць Магілёўская — 190,4 і Гомельская — 171,9.

Усяго ж у Беларусі ў 2023 годзе налічылі 154,7 чалавекі з дыягназам алкагалізм на 100 тыс. насельніцтва. Амаль столькі ж было і годам раней, у 2022, але тады быў рост паказніка са 136,9 у 2021 — пасля стабільнага працяглага падзення з 2009 года.