Узровень азелянёнасці ў Гродне — 41,8%. Ён крыху вышэйшы за вызначаны ў Беларусі нарматыў азелянёнасці тэрыторый населеных пунктаў - 40%, але самы нізкі сярод усіх абласных цэнтраў краіны.
Актуальныя лічбы па ўзроўні азелянёнасці прывёў першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі Аляксандр Корбут у час прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы, прысвечанай экалагічнаму патэнцыялу гарадоў і прыдарожных аб’ектаў.
У абласных гарадах Беларусі азелянёнасць складае:
- Віцебск — 49,1%;
- Брэст — 45,7%;
- Магілёў - 44,3%;
- Гомель — 42,5%;
- Мінск — 42,1%;
- Гродна — 41,8%
Пры гэтым за апошнія тры гады ўзровень азелянёнасці населеных пунктаў Беларусі вырас, адзначылі на канферэнцыі. Працягваюць і азеляненне прыдарожных тэрыторый. Уздоўж рэспубліканскіх аўтамабільных дарог за студзень-жнівень 2024 года пасадзілі больш за 14 тысяч дрэў і 35 тысяч кустоў, уздоўж мясцовых аўтадарог — каля 4 тысяч дрэў і 2 тысяч кустоў.
Адкуль могуць быць такія лічбы
Большая частка (85%) азелянёных тэрыторый, якія ёсць у Гродне і куды можна было пайсці адпачыць — гэта гарадскія лясы, тлумачылі раней архітэктары. Добраўпарадкаваных месцаў, прыдатных для шпацыраў, у горадзе мала: у Пышках, Ласосна, Румлёва, Сцежка здароўя ў парку Панямунь, невялікі ўчастак лесу на Кабяка, два паркі ў цэнтры. Неўладкаваныя зялёныя зоны, па якіх нязручна гуляць, не могуць улічвацца пры разліку забяспечанасці гродзенцаў азелянёнымі тэрыторыямі.
Для ўліку і планавання азелянёнасці Гродна ў 2022 годзе распрацавалі Схему азелянёных тэрыторый агульнага карыстання да 2030 года.
Чытайце таксама: У цэнтры Гродна пабудуюць гандлёвы цэнтр з азеляненнем на фасадах