Крама з каляднай атрыбутыкай і цацкамі адкрыецца ў Гродне. Аб гэтым распавяла ў Instagram яго ўладальніца гродзенская блогерка Яўгенія Тарасенка (jennie.t). Сезонная крама будзе працаваць па адрасе Кірава, 18 — у тым жа памяшканні, дзе знаходзіцца крама Яўгеніі з прысмакамі. У залежнасці ад сезона дзяўчына мяняе асартымент у краме.

Свечкі, цацкі і пернікавыя домікі: што з’явіцца ў краме гродзенкі

Яўгенія не плануе адкрываць асобнае памяшканне для калядных тавараў - проста асартымент існуючай крамы будзе дапоўнены.

Згодна з публікацыяй Яўгеніі, у наяўнасці з’явяцца ялінкавыя цацкі, а таксама элементы дэкору для дома — калядныя вянкі, свечкі і пернікавыя домікі.

Гродзенка абяцае, што адкрыццё адбудзецца зусім хутка, а крама будзе напоўнена «непаўторнай навагодняй атмасферай і самымі чароўнымі таварамі».

Упершыню сваю калядную краму Яўгенія Тарасенка адкрыла летась — 1 кастрычніка 2023 года.

Што можна набыць у краме Яўгеніі ўжо зараз?

Яўгенія называе сваю краму — «крамай прысмакаў» і адзначае, што ў ёй можна знайсці незвычайныя саладосці і тэматычныя падарункі.

Сярод сталых тавараў, якія прапануе дзяўчына — саладосці папулярных марак накшталт Nestle, снэкі з незвычайнымі смакамі і «гіганцкія» мармеладкі. Ёсць у краме і прадукцыя вытворцаў з Азіі - лапша хуткага прыгатавання, чыпсы з норы і соевыя закускі.

Хто такая Яўгенія Тарасенка

Дзяўчына жыве ў Гродне і актыўна развівае свой блог — зараз у яе Instagram амаль 600 тысяч падпісчыкаў.

Разам са сваім мужам Алегам Тарасенка яны здымаюць агляды на гродзенскія ўстановы, рэкламныя ролікі, а таксама актыўна публікуюць фота з падарожжаў.

Яе крама jennie.t_home мяняецца ў залежнасці ад сезону. Напрыклад, да 14 лютага там быў асартымент падарункаў для закаханых. Побач з крамай ёсць фотазона, якая таксама мяняецца ў залежнасці ад сезону.