У пабе Harats на Карла Маркса, 24 адмянілі «Вечар беларускай магіі», запланаваны на нядзелю, 6 кастрычніка. Весці яго павінна была біблеістка, філосаф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Дубянецкая. Напярэдадні ў сваім Telegram-канале на даследчыцу паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.
Мерапрыемства адмянілі «па тэхнічных прычынах»
У Instagram паба Harats адзначылі, што мерапрыемства адмяняецца «па тэхнічных прычынах». Гасцям прынеслі прабачэнні і прапанавалі бясплатныя напоі.
Падчас лекцыі абяцалі распавесці пра беларускую магічную традыцыю і касмалагічныя ўяўленні нашых продкаў. На мерапрыемства таксама запрасілі музыкаў, каб «працягнуць вечар адпаведным вайбам арт-рока з фальклорнымі элементам».
Бондарава падзякавала адміністрацыі горада за працу ў выхадныя
Напярэдадні лекцыі праўладная актывістка Вольга Бондарава паскардзілася на мерапрыемства ў сваім Telegram-канале, звяртае ўвагу «Медыязона Беларусь».
«На жаль, няма закону, які перашкодзіў бы бчбэшніцы разбураць хрысціянскія асновы дзяржавы. А што ідэалогія? Ці ведае аб мерапрыемстве? Ці ўхваляе? Ці лічыць дапушчальным?» — напісала Бондарава.
Пасля адмены лекцыі Бондарава актуалізавала пост і падзякавала адміністрацыі горада «за дакладную пазіцыю і якасную работу ў пазаўрочны час».