Навіны

Затрыманне студэнта, памілаваны і адмена мерапрыемстваў. Як прайшоў тыдзень у Гродне і вобласці

Студэнта з Гродна затрымалі за каментары. Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма. У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла, што адбылося ў вобласці з 30 верасня па 6 кастрычніка.

Цэнзура лістоў

Некалькі лістоў палітвязня Дзяніса Івашына і лістоў, адрасаваных яму, не прайшлі цэнзуру, паведаміла яго жонка Вольга. Таму ў перапісцы адбыўся перапынак.

Дзяніс Івашын. Фота: novychas.by

У Гродне асудзілі айцішніцу, якая вярнулася ў Беларусь

Айцішніцу Лізавету Макрыдзіну пачалі судзіць 23 ліпеня паводле арт.342 ч. 1 КК «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх» у судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

1 кастрычніка ў Гродзенскім абласным судзе праходзіць абскарджанне справы Лізаветы Макрыдзінай. Суддзя — Аляксандр Козел. Гэта значыць, што прысуд ужо вынесены — які, пакуль невядома.

Лізавета працавала ў ІТ-кампаніі SENLA. У Польшчу, верагодна, з’ехала пасля пачатку вайны ва Украіне. Потым вярнулася ў Гродна і была затрыманая.

Лізавета Макрыдзіна. Фота:"Наша Ніва"

Мясцовы культурна-асветніцкі дабрачынны фонд «Кіслеў» знаходзіцца ў стадыі ліквідацыі

Пасяджэнне аб ліквідацыі па іску Галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама прайшло 16 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе, паведамляе Telegram-канал «Право имеют».

Арганізацыя працавала з 2018 года. Яна была зарэгістравана на вул. Вялікая Траецкая, д. 59А — гэта адрас сінагогі ў Гродне — і прасоўвала яўрэйскую культуру і гісторыю.

Палітзняволенай Вольгі Маёравай дадалі тэрмін

У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля ў сакавіку 2024 года над Вольгай Маёравай адбыўся суд паводле ч.2 арт. 411 КК «Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі». Суддзя Ганна Сакалова прызнала жанчыну вінаватай і прызначыла ёй яшчэ адзін год і шэсць месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі.

Вольга ўжо адбывае тэрмін у папраўчай калоніі № 24 У Зарэччы, піша «Вясна».

Вольга Маёрава. Фота: «Вясна»

Былыя палітвязні

Юрый Піваварчык з Ваўкавыска, Яўген Іваноўскі з Гродна 2 кастрычніка прызнаны былымі палітзняволенымі.

Новая экстрэмісцкая інфармацыя

Суд Ленінскага раёна Гродна 1 кастрычніка прызнаў экстрэмісцкім Telegram-канал «КАРБАЛЕВИЧ».

Па памілаванні на волю выйшаў 74-гадовы палітвязень Барыс Кучынскі са Слоніма

74-гадовы Барыс Кучынскі, палітвязень са Слоніма, выйшаў на волю па памілаванні з бабруйскай калоніі № 2. Пра гэта паведамляе «Медыязона» са спасылкай на знаёмых з сям’ёй Кучынскага.

Мужчына быў вызвалены 20 жніўня, аднак гэтая інфармацыя стала вядомая толькі цяпер.

Кучынскага асудзілі 10 лістапада 2022 года ў судзе Слонімскага раёна на тры гады хатняй хіміі за «абразу прадстаўніка ўлады» і «незаконныя дзеянні з персанальнымі звесткамі». Падставай для абвінавачвання стаў лайк у «Аднакласніках» пад пастом аб участковым інспектары міліцыі АУС Ваўкавыска Віктары Лутчанка ў пабліку «Гродненская область. Перемен».

Кучынскаму таксама быў прызначаны штраф у памеры 4 800 рублёў і кампенсацыя маральнай шкоды міліцыянту Лутчанку на суму 5 000 беларускіх рублёў.

Першапачаткова дзяржабвінавачанне патрабавала два гады пазбаўлення волі. Пасля апеляцыі, пададзенай пракуратурай, Гродзенскі абласны суд у студзені 2023 года змяніў прысуд, прызначыўшы Кучынскаму два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Барыс Кучынскі. Фота: «Гарадзенская вясна»

Новыя «экстрэмісты»

Рукшта Юрый Міраслававіч і Бародзіч Аляксандр Віктаравіч з Гродна 4 кастрычніка папоўнілі спіс «экстрэмістаў».

Жыхара Гродзенскай вобласці затрымалі за каментары ў адрас сілавікоў

Аб гэтым паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сілавікі выклалі «пакаяннае відэа» з 45-гадовым жыхаром Гродзенскай вобласці, дзе ён кажа, што пакідаў каментары ў Telegram-чаце. Яму пагражаюць трыма крымінальнымі справамі.

Затрыманы ў Гродне. Фота: «Вясна»

У Гродне адмянілі лекцыю пра магію — напярэдадні на яе паскардзілася Вольга Бондарава

У пабе Harats на Карла Маркса, 24 адмянілі «Вечар беларускай магіі», запланаваны на нядзелю, 6 кастрычніка. Весці яго павінна была біблеістка, філосаф, супрацоўніца Нацыянальнай акадэміі навук Ірына Дубянецкая. Напярэдадні ў сваім Telegram-канале на даследчыцу паскардзілася праўладная актывістка Вольга Бондарава.

Футбаліста «Нёмана», які пнуў банер у час матчу, дыскваліфікавалі

Нападнік «Нёмана» Ягор Зубовіч не выйдзе на футбольнае поле ў наступнай гульні. Яго дыскваліфікавалі на адзін матч за інцыдэнт з банерам, які адбыўся 29 верасня. Тады футбаліст раззлаваўся і пнуў шчыт з надпісам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». Ён прабіў у банеры дзірку — эпізод трапіў на тэлебачанне.

Фрагмент відэа Гродзенскага футбаліста. Скрыншот Hrodna.life

Працяг гісторыі з плантацыяй цыбулі нямецкага дэпутата пад Лідай

Стала вядома імя чалавека, які падпісваў дагавор падраду з ТАА «Цыбулька-Бел», каб пастаўляць зняволеных для працы на гаспадарцы. Reform.news апублікаваў адказы на шэраг пытанняў, якія тычыліся расследавання аб бізнесе нямецкага ўльтраправага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнаў у Лідзе. Hrodna.life прыводзіць асноўныя тэзісы публікацыі.

Уладальнікі плантацыі пад Лідай Ёрг Дорнаў і Юрый Куніцкі. Фота: sb.by

Прадстаўнік РПЦ, які раней ездзіў у Марыупаль, зладзіў тур па Гродзенскай вобласці

Студэнты ГрДМУ сустрэліся са святаром Рускай праваслаўнай царквы архімандрытам Мелхіседэкам (Арцюхіным). Заехаў святар і ў Лідскую дзіцячую школу мастацтваў — там ён сустракаўся з прыхаджанамі храмаў Ліды. У сваіх інтэрв'ю Мелхіседэк распавядаў, што раней наведваў шпіталь у Марыупалі, дзе знаходзіліся расійскія ваенныя.

Архімандрыт Мелхіседэк (Арцюхін) на сустрэчы з студэнтамі ГрДМУ. Фота: grsmu.by

Студэнта з Гродна затрымалі за каментары

Студэнта чацвёртага курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы затрымалі за каментары. У іх ён нібыта ўхваліў дзеянні нападніка на міліцыянта ў Магілёве. Што хлопец напісаў, не паказалі.

Затрыманне студэнта. Скрыншот Hrodna.life
Падзяліцца

Апошнія запісы

Гродзенскі «Кронан Парк Гатэль» прызналі найлепшым гатэлем ў краінах СНД

Гатэль «Кронон Парк Гатэль», размешчаны ў лесапарку Пышкі ў Гродне, атрымаў прэмію Travel Time Awards…

7 красавіка 2025

У Беларусі рэзкі рост пазбаўлення бацькоўскіх правоў — дасягнулі «рэкорду» за апошнія 9 гадоў

У 2024 годзе бацькоўскіх правоў у Беларусі былі пазбаўлены бацькі 3 955 дзяцей. Гэта найбольшая колькасць…

7 красавіка 2025

Гродзенец набіў татуіроўку ў памяць рэпера Пашы Тэхніка

Жыхар Гродна набіў на шчыкалатцы татуіроўку з выявай расійскага рэпера Пашы Тэхніка і подпісам “Досвидания”.…

7 красавіка 2025

Нерухомасць тыдня: на Дзевятоўцы прадаюць кватэру з чарапашкамі-ніндзя і аб’ёмнай картай свету на сцяне

На сёмым паверсе дома па вуліцы Ліможа, 48Б выстаўлена на продаж трохпакаёвая кватэра плошчай 74,8…

4 красавіка 2025

Лакацыі паводле фільмаў пра вайну, парад і ўзяцце Тэкстыльшчыкаў замест Рэйхстага. Што плануюць у Гродне на 9 траўня?

У Гродне рыхтуюцца да святкавання 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемствы аб'яднаюць пад канцэпцыяй…

4 красавіка 2025

У Гродне падаражэў праезд у гарадскім транспарце — і на прыгарадных маршрутах

З 5 красавіка ў Гродне талоны на праезд у гарадскім грамадскім транспарце даражэюць на 10…

4 красавіка 2025