Пасля змены ўласніка крамы «Остров чистоты и вкуса» аднаўляюць работу. Зараз па ўсёй Беларусі працуе 15 кропак, дзве з іх — у Гродзенскай вобласці. Хутка брэнд вернецца і ў само Гродна, паведамляюць у Instagram-акаўнце сеткі.

Крама ў Гродне з’явіцца ўжо гэтай восенню

Цяпер набыць тавары ў «Острове чистоты и вкуса» ў Гродзенскай вобласці можна ў двух месцах. Адна крама знаходзіцца ў Іўі на плошчы Энгельса, 1. Другая — у Дзятлаве на плошчы 17 Верасня, 7.

Каментатары зацікавіліся тым, што ў спісе ёсць гарады Гродзенскай вобласці, а вось уласна Гродна — няма. «Адкрыццё ўжо ў сярэдзіне кастрычніка», — адказалі на пытанні ад імя сеткі.

Таксама людзі просяць адкрыць крамы ў Лідзе, Навагрудку, Воранаве і Ваўкавыску — уласнік адзначае, што варыянт адкрыцця кропак у гэтых гарадах таксама разглядаецца.

Што адбылося з «Островом чистоты»?

Праблемы ў сеткі пачаліся ў 2022 годзе з затрымання ўладальніка Віктара Рамука. Пасля ў офісе рытэйлера прайшлі вобшукі - інтарэс да бізнесу праявіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Фірме прыйшлося выплаціць штрафы — каля $ 7 млн, пасля чаго Рамука вызвалілі з СІЗА.

У ліпені 2024 года стала вядома, што сетка крамаў будзе ліквідавана. Праблемы ўзніклі з-за «няўдалых фінансавых укладанняў і стратэгіі развіцця бізнесу», паведамляў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў. Паводле яго слоў, «вялікіх праблем з банкруцтвам» у сеткі не ўзнікала.

Аднак ужо ў жніўні ў МАРТ агучылі планы па захаванню брэнда, а для яго развіцця знайшлі новага ўласніка. Зараз крамамі сеткі кіруе іншая фірма — «АйландГруп».