Меню кавярні «Джэзва» папоўнілася новым напоем — кавай святога Губерта. Напой прэзентавалі падчас лекцыі «Якую каву пілі нашы продкі», што адбылася 6 красавіка ў «Джэзве».
Прэзентацыю і дэгустацыю новага напою абыгралі тэатралізаваным прадстаўленнем ад гродзенскага гіда Міхаіла Нарынкевіча ў вобразе святога Губерта.
«Вырашылі зрабіць вось такі цікавы напой — каву святога Губерта. Каб вы, паважаныя гродзенцы, не змерзлі восенню і зімой», — распавёў Нарынкевіч-Губерт.
Што дадаюць у каву святога Губерта?
У склад новага напою, акрамя ўласна кавы, уваходзіць «Jägermeister» (травяны лікёр), спецыі і альтэрнатыўнае малако. Выбар «Jägermeister» выглядае невыпадковым — на бутэльках гэтага лікёру выяўлены алень з крыжам паміж рог, які паводле легенды з’явіўся святому Губерту — заступніку паляўнічых. Гэты ж алень змешчаны ў гербе Гродна.
Чытайце таксама:
- Дзе папіць кавы ў Гродне — вялікі гайд
- Гродна — беларуская сталіца кавы. 5 аргументаў «за» ад экспертаў
Лекцыю пра каву для гродзенцаў правёў кандыдат гістарычных навук, даследчык гісторыі кавы Павел Булаты. Навуковец апісвае сябе як «кавяра, аматара і знаўца кавы», а таксама гіда па месцах сілы і даследчыка цікавостак ВКЛ. Павел працуе барыста ў мінскай кавярні ComeIn і піша кнігу пра гісторыю кавы ў Беларусі.