Нападнік «Нёмана» Ягор Зубовіч не выйдзе на футбольнае поле ў наступнай гульні. Яго дыскваліфікавалі на адзін матч за інцыдэнт з банерам, які адбыўся 29 верасня. Тады футбаліст раззлаваўся і пнуў шчыт з надпісам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». Ён прабіў у банеры дзірку — эпізод трапіў на тэлебачанне.
Акрамя дыскваліфікацыі на адзін матч, Зубовіча аштрафавалі на 10 базавых велічынь (400 бел рублёў), паведамляе Telegram-канал «Заўзеем за ФК Нёман».
Як Зубовіч выбачаўся за дзірку ў банеры
29 верасня «Нёман» у Гродне гуляў з камандай «Славія» (Мазыр) у 23-м туры чэмпіянату Беларусі. На 63-й хвіліне матча галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч вырашыў памяняць форварда Ягора Зубовіча на Леанарда Гвета. Зубовіч раззлаваўся і, сыходзячы з поля, ударыў нагой па шчыце з банерам «80 лет освобождению от немецко-фашистских захватчиков». У шчыце ўтварылася дзірка. Эпізод трапіў на тэлебачанне.
У якасці прабачэння Зубовіч апублікаваў «пакаяннае» відэа і прывёз кветкі да Вечнага агню на плошчы Перамогі ў Мінску. Ён сказаў, што ні ў якім разе не хацеў зняважыць памяць воінаў-вызваліцеляў.