Стала вядома імя чалавека, які падпісваў дагавор падраду з ТАА «Цыбулька-Бел», каб пастаўляць зняволеных для працы на гаспадарцы. Reform.news апублікаваў адказы на шэраг пытанняў, якія тычыліся расследавання аб бізнесе нямецкага ўльтраправага дэпутата ад партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD) Ёрга Дорнаў у Лідзе. Hrodna.life прыводзіць асноўныя тэзісы публікацыі.
На плантацыі нямецкага дэпутата працаваў лідскі актывіст
Чалавекам, які падзяліўся інфармацыяй аб умовах працы палітзняволеных на цыбульнай плантацыі, стаў бард і лідскі актывіст Сяргей Чарняк. Яго імя не фігуравала ў расследаванні з прычын бяспекі, але пазней Чарняк сам даў інтэрв'ю шэрагу нямецкіх СМІ і раскрыў сваю асобу.
Праца на «Цыбулька-Бел» была фактычна прымусовай
Былі ў рэдакцыі Reform.news і іншыя сведкі. Дзмітрыя (імя зменена ў мэтах бяспекі) неаднаразова адпраўлялі працаваць на плантацыю. Беларус адзначае, што гэта робіцца фактычна ў прымусовым парадку.
«Яны ўсіх бяруць на працу. Раніцай прыходзіць начальнік і аб’яўляе, куды мы сёння пойдзем працаваць — гэта можа быць збор камянёў, сартаванне цыбулі або паход на звалку. Аднойчы я вырашыў не ісці на працу, бо адчуў сябе дрэнна. Начальнік сказаў: „Ты не застанешся тут сядзець адзін“, і мяне на цэлы дзень прыкавалі кайданкамі да батарэі», — распавёў ён.
Таксама Дзмітрый двойчы бачыў нямецкага фермера. Першы раз, калі верагодна Ёрг Дорнаў заходзіў у сховішча, другі — калі затрыманыя выязджалі пасля працы назад у лідскі Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП).
У папярэдняй публікацыі Reform.news паведамлялася, што за працу зняволеныя атрымлівалі каля 20 рублёў у дзень, ЦІП — каля 30.
«Наогул, я не ўбачыў сваіх грошай. За маё знаходжанне ў ЦІП было аплачана наперад. Калі нам сказалі ехаць на працу, я падумаў, што хаця б грошай зараблю. Усё лепш, чым сядзець прыкаваным да батарэі. Калі ў канцы тэрміну мне сказалі, што ўся заробленая сума пайшла на маё ўтрыманне, я быў вельмі здзіўлены. Грошай я так і не атрымаў», — адзначае Дзмітрый.
Усе дамовы на працу на плантацыі падпісваў адзін чалавек
Журналісты звязаліся з былым міліцыянерам і супрацоўнікам Лідскага РАУС Паўлам (імя зменена). Мужчына адзначыў, што ЦІП самастойна не прымае ніякіх рашэнняў.
«Усе дамовы падпісваліся кіраўніком Лідскага РАУС, Сяргеем Мікалаевічам Сыцэвічам», — распавёў ён.
Сяргей Сыцэвіч сышоў з пасады начальніка РАУС зусім нядаўна. Пайшоў на павышэнне — у пачатку верасня ён стаў намеснікам начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама. Аднак падчас знаходжання сведкаў на працах у Ёрга Дорнаў менавіта Сыцэвіч падпісваў усе дакументы.
Як расказвае Павел, у ЦІПа заўсёды была праблема з фінансаваннем.
«Спагнанне сродкаў за „паслугі“ ЦІПа дзяржава ўсклала на плечы правапарушальнікаў. У некаторых грамадзян спаганяць грошы цяжка, таму кіраўніцтва прыдумала „працатэрапію“. Напрыклад, зняволеных вывозілі на палі збіраць камяні, праполваць градкі або на камунальную звалку ЖКГ», — адзначае ён.
У любога ЦІПа ёсць паказчык спагнання за знаходжанне, працягвае Павел: «80%, 90%, а лепш за ўсё 100%. Калі Сыцэвіч падпісваў дамовы з калгасамі, палігонамі, „Цыбулька-Бел“, ён быў матываваны павысіць гэты паказчык. Яму як кіраўніку Лідскага РАУС было лягчэй даваць справаздачу перад абласнымі ўладамі».
На пытанне, ці мог бізнес адмовіцца ад супрацоўніцтва, Павал адказвае: «Вядома, мог. У Лідзе ёсць біржа працы, там можна наняць людзей. ЦІП выстаўляе свае паслугі, і для бізнесу заключыць дамову з ЦІПам больш выгадна. Ты атрымліваеш гарантаваных супрацоўнікаў на сезон».
За ўкрыццё інфармацыі аб плантацыі Ёрга Дорнаў наказалі мінімальным штрафам
У жніўні дэпутата аштрафавалі за тое, што ён схаваў свой цыбульны бізнес у Беларусі. Як высветлілі журналісты, штраф за ўтойванне інфармацыі залежаў ад атрыманага даходу, але паколькі Дорнаў не падаў і гэтую інфармацыю, яго пакаралі мінімальнай у такіх выпадках сумай у памеры трох месячных заробкаў дэпутата — 20 862 еўра.
У справаздачы аб прыбытках і стратах гаворыцца, што «Цыбулька-Бел» за 2023 год спрацавала са стратай у 721 тысячу бел. руб.: выручка ад рэалізацыі склала 3,246 млн руб., а сабекошт — 3,967 млн руб. За 2023 год актывы прадпрыемства павялічыліся з 2,874 млн бел. руб. да 3,775 млн бел. руб.
За 2023 год «Цыбулька-Бел» выплаціла заробкаў работнікам на суму 347 тысяч рублёў.