Комплекс капітальных пабудоў па вуліцы Яснапольскай выставілі на аўкцыён. Зараз на тэрыторыі былой вайсковай часткі ўзводзіцца новы мікрараён, а старыя будынкі плануюць адаптаваць пад патрэбы абслугоўвання жыхароў. Адпаведная інфармацыя з’явілася на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.
Комплекс пабудоў абыдзецца ў $ 117 тыс.
У лот уваходзяць чатыры капітальныя аднапавярховыя будынкі па вуліцы Яснапольскай 23, 23/1, 23/2, 23/3 — іх можна набыць ва ўласнасць.
Усе будынкі паводле дакументацыі былі ўзведзены ў 1917 годзе. Сярод іх штаб плошчай 202,6 кв.м і будынак былога кафэ плошчай 660,90 кв.м. Таксама вучэбны корпус плошчай 648,0 кв.м. і кандытарскі цэх, плошча якога складае 231,4 кв.м. Усе пабудовы цагляныя. Тэрыторыя побач з імі асфальтаваная.
Таксама пераможца аўкцыёну атрымае права арэнды на 50 гадоў участка, які знаходзіцца па адрасе Фолюша, 24. Яго агульная плошча складае 0,4656 га, а мэтавае прызначэнне — абслугоўванне пабудоў побач.
Пачатковая сума лоту — 382 740,00 руб ($ 117 257). Аўкцыён адбудзецца 30 кастрычніка.
Пабудовы адаптуюць пад патрэбы новага мікрараёну
Комплекс пабудоў знаходзіцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі, дзе зараз узводзіцца новы мікрараён. Магчыма, участак з будынкамі 1917 года адаптуюць пад патрэбы бытавога абслугоўвання насельніцтва.