Аб закрыцці начны клуб “Галактика” паведаміў у канцы верасня. 27 і 28 верасня там прайшлі развітальныя вечарыны. Памяшканне адыдзе да фітнес-клуба, размешчанага ў тым жа будынку. Абноўлены спартыўны клуб будзе працаваць 24/7.
“У мяне дзве навіны – кепская і добрая. Дрэнная для аматараў патусіць – я зачыніў “Галактыку”. Добрая для аматараў фітнесу – хутка мы сустрэнемся ў абноўленай палепшанай версіі Titan sport club”, – падзяліўся ў відэа ў Instagram заснавальнік і саўладальнік “Галактики” і суседняга фітнес-клуба Titan Давід Ацьман. Абноўлены спартыўны клуб будзе працаваць 24 гадзіны ў суткі без выхадных, напісаў ён у Instagram.
Ацьман – 27-гадовы атлет, чэмпіён Еўропы па каратэ сеншы і музычны прадзюсер. У Titan ён сам праводзіць сілавыя трэніроўкі і займаецца кікбоксінгам і тайскім боксам.
Рамонт у памяшканні ўжо ідзе. Ён працягнецца каля месяца.





Начны клуб “Галактика” прапрацаваў больш за 10 гадоў. Там праходзілі дыскатэкі і канцэрты, квізы, арганізоўвалі банкеты і семінары, адзначалі гродзенскі Дзень вышыванкі і нават шылі ахоўныя маскі падчас пандэміі. У аднайменным забаўляльным цэнтры ёсць боўлінг-клуб на восем дарожак, адна з якіх абсталяваная для дзяцей, зала гульнявых аўтаматаў, спорт-бар, трэнажорная і фітнес-залы і салон прыгажосці.
“Вельмі шкада, лепей бы дыскатэкі былі😢”, – напісала адна з каментатарак пад пастом Ацьмана. “Цяпер будзеце ў Базу ездзіць 😂”, – напісала іншая ў адказ на заўвагу, што ў “Галактике” тусуецца ўся моладзь. “Гэта дзве добрыя навіны)”, – упэўнена трэцяя каментатарка. Большасць рэакцый пад пастом аб закрыцці “Галактыкі” на карысць фітнес-клуба пазітыўныя.



