Для Каложскай царквы ў Гродне распрацуюць заяўку на папярэднюю ацэнку і падрыхтуюць намінацыйнае дасье для ўключэння ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, што менавіта збіраюцца зрабіць.

Што трэба зрабіць, каб Каложу ўключылі ў спіс ЮНЕСКА?

Аўтар, якога шукаюць, павінен будзе:

  • сфарміраваць агляд навукова-даследчых работ па гісторыі і гістарыяграфіі царквы,
  • выявіць ключавыя матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці,
  • вызначыць патэнцыйнае глабальнае значэнне,
  • выявіць фактары, якія ўздзейнічаюць на аб’ект,
  • распрацаваць апісанне сістэмы аховы аб’екта і кіравання ім.

Трэба распрацаваць усе матэрыялы ў адпаведнасці з патрабаваннямі Цэнтра сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, узгадніць іх, суправаджаць пры перадачы, карэктаваць і ўдзельнічаць у панэльных сустрэчах з экспертамі ICOMOS (Міжнародны савет па захаванні помнікаў і славутых месцаў).

Заяўку будуць распрацоўваць з 7 кастрычніка 2024 года па 6 сакавіка 2025 года. Яна ўключыць тлумачальную запіску з кароткай характарыстыкай, навукова-метадычнае абгрунтаванне работы па падрыхтоўцы заяўкі, тэкст заяўкі, альбом фотафіксацыі, картаграфічныя матэрыялы. Дакументацыя будзе на рускай і англійскай мовах.

Гродзенскі абласны цэнтр для забеспячэння дзейнасці арганізацый сферы культуры высвятляе лімітавы кошт заяўкі.

Пра ўключэнне Каложы ў спіс спадчыны ЮНЕСКА гавораць як мінімум з 2006 года. Акрамя Гродзенскай Барысаглебскай царквы, на ўключэнне прэтэндуюць Аўгустоўскі канал і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку.

Чытайце таксама: «Руіны не ўспрымаюць пазітыўна». Стары замак і Каложа атрымалі дыпломы на міжнародным архітэктурным конкурсе