На кальцы Гарнавых (вялікая развязка на Савецкіх Пагранічнікаў) узвядуць будынак для рэстарана хуткага харчавання KFC. У ім будзе 45 пасадачных месцаў.

Зямельны надзел пад будаўніцтва займае плошчу 0,1577 га, межы праектных работ ахопліваюць участак плошчай 0,4915 га. Плошча будучага будынка — 222,54 м.кв.

Прылеглую тэрыторыю забудоўшчык абавязваецца цалкам добраўпарадкаваць. На ёй зробяць пакрыцці праездаў, пляцовак, тратуараў. Каля будынка размесцяць паркоўку на 16 машына-месцаў з заездам з боку Савецкіх Пагранічнікаў і кантэйнерную пляцоўку закрытага тыпу для цвёрдых камунальных адходаў. Праект прадугледжвае безбар’ернае асяроддзе для маламабільных груп насельніцтва.

Праект распрацавала гродзенская фірма «Інтэлстак інжынірынг», якая не раз будавала ў Гродне грамадскія будынкі. Заказчык будаўніцтва — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Бел Фуд Сэрвіс» з Мінска, уладальнікі сеткі рэстаранаў хуткага харчавання KFC. На рэндэрах праекта будучы будынак таксама ўжо брэндзіраваны пад KFC.

Колькі каштаваў «П'яны кут»

Права арэнды ўчастка на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў на 50 гадоў прадалі з аўкцыёну 12 красавіка 2022 года за 39,9 тыс. рублёў. На аўкцыёне было ўсяго два ўдзельнікі. Выдаткі Гродзенскай гарадской ЖКГ за знос тратуара, дрэў і вулічных ліхтароў, якія там размяшчаліся, ацанілі ў 15,2 тыс. рублёў.

У савецкія часы гэтае месца было цэнтрам жыцця занёманскай часткі горада. У народзе яго называлі «П'яны кут», бо тут былі кропкі па продажы піва і гарэлкі.

Калі можна выказацца па праекце?

Грамадскія абмеркаванні праекту пройдуць з 7 па 21 кастрычніка. Паглядзець на праект можна будзе па буднях з 8.00 да 13.00 і з 14.00 да 17.00 у вестыбюлі будынка ўпраўлення будаўніцтва, архітэктуры і горадабудаўніцтва Гродзенскага гарвыканкама па адрасе пл. Тызенгаўза, 3.

Прэзентацыя праекту адбудзецца там жа 17 кастрычніка, а 15:00 у кабінеце 1.

Праект таксама можна знайсці на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкама ў раздзеле «Грамадскія абмеркаванні» на рускамоўнай версіі сайта. Падрабязнасці можна ўдакладніць па тэлефонах 62−69−95, 62−69−93.