У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы збіраюцца адкрыць набор на новую спецыяльнасць «Біяінжынерыя і біяінфарматыка». Студэнтаў па гэтым профілі пачнуць рыхтаваць ужо ў наступным навучальным годзе.
Адкрыццё новай спецыяльнасці звязана з развіццём у Беларусі біятэхналагічных і фармацэўтычных прадпрыемстваў, якім патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, піша БелТА са спасылкай на дэкана факультэта біялогіі і экалогіі Вольгу Янчурэвіч.
Біяінжынерыя — гэта навука, якая займаецца зменай уласцівасцяў жывых арганізмаў, спалучаючы фізіку, хімію, біялогію, генную інжынерыю і камп’ютарныя тэхналогіі.
Біяінфарматыка займаецца распрацоўкай праграм для аналізу біялагічных дадзеных, аб’ядноўваючы камп’ютарныя навукі, матэматыку і статыстыку для інтэрпрэтацыі гэтых дадзеных.
Высокакваліфікаваныя спецыялісты, навуковыя кадры і матэрыяльная база ёсць на некалькіх факультэтах: біялогіі і экалогіі, матэматыкі і інфарматыкі, фізіка-тэхнічным і інжынерным. Да гэтага ўніверсітэт рыхтаваў спецыялістаў у сумежных галінах: біятэхналогіі, біяхіміі і праграмнай інжынерыі.
Навучанне будзе доўжыцца чатыры гады. Студэнты будуць вывучаць дысцыпліны ў галіне структурнай і сістэмнай біялогіі, пратэомікі, геномікі, транскрыптомікі, біяінфарматыкі, сучаснай нанабіятэхналогіі і біямедыцыны.
Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю «біяінжынер-біяінфарматык». Яны змогуць працаваць у навукова-даследчых цэнтрах, на прадпрыемствах, звязаных з біядыягностыкай, фармацэўтыкай і сельскай гаспадаркай, прыродаахоўнай дзейнасцю, у вытворчых біятэхналагічных і IT-кампаніях, дзе распрацоўваюць праграмнае забеспячэнне для аналізу біялагічных сістэм і ў галіне генетычнага і біяхімічнага аналізу.
Што спатрэбіцца і наколькі складана паступіць?
Для паступлення на гэтую спецыяльнасць трэба будзе здаць ЦТ ці ЦЭ па біялогіі, хіміі, рускай ці беларускай мовах.
Да гэтага часу ў Беларусі паступіць на яе можна было толькі на Біялагічны факультэт у Беларускім дзяржаўным універсітэце ў Мінску. Там спецыяльнасць з’явілася ў 2022 годзе і толькі з дзённай формай навучання. У гэтым годзе прахадны бал на бюджэт на яе быў 364, на платнае навучанне — 327.
Чытайце таксама: Гродзенскі аграрны ўніверсітэт за паўгода адсудзіў $ 75 тыс. у выпускнікоў за неадпрацаванае размеркаванне