Гродзенскі каталіцкі біскуп Аляксандр Кашкевіч 30 верасня сышоў у адстаўку ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя. Ён узначальваў дыяцэзію з пачатку яе існавання ў 1991 годзе. Новым біскупам Гродзенскім стаў Уладзімір Гуляй, які паходзіць з Ваўкавыску. Змены ў дыяцэзіі пракаментаваў для Hrodna.life адзін з рэгіянальных каталіцкіх актывістаў.
Эксперт аб прызначэнні новага біскупа: «Не варта чакаць рэзкіх змен»
Месца Аляксандра Кашкевіча зойме ксёндз Уладзімір Гуляй. З красавіка 2024 года ён займаў рэдкую пасаду біскупа-памочніка, на якую яго прызначыў Папа Рымскі Францыск. Да прызначэння Уладзімір Гуляй з 2003 года быў пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе.
З прыходам новага біскупа ў гродзенскай дыяцэзіі з’явіцца іншы фокус, лічыць каталіцкі актывіст, з якім пагутарыў Hrodna.life.
«Але не варта чакаць рэзкіх змен у дыяцэзіі. Так прынята ў каталіцкім касцёле, што калі прыходзіць новы біскуп, ён мае сваё бачанне і будзе спрабаваць яго павольна ўводзіць. Але гэта ніколі не выглядае такім чынам, што біскуп пачынае нешта раптоўна змяняць. Увогуле ў каталіцкім касцёле есць такое правіла, што калі ў парафіях змяняюцца пробашчы, змены адразу не адбываецца. Першы год патрэбны для таго, каб прыглядзецца, а рэформы пачынаюцца ўжо на другім годзе. Мяркую, на ўзроўні біскупа гэты працэс яшчэ даўжэйшы. Больш за тое, змены, калі і адбудуцца, будуць больш заўважныя з боку касцёлу, а не знешне».
Аляксандр Кашкевіч кіраваў 33 гады: што ён паспеў зрабіць за гэты час
Біскуп Аляксандр Кашкевіч нязменна ўзначальваў Гродзенскую дыяцэзію з пачатку яе існавання. Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго на гэтую пасаду ў 1991 годзе.
Гродзенскі каталіцкі актывіст лічыць, што за 33 гады кіравання дыяцэзіяй біскуп Кашкевіч стаў гістарычнай постаццю.
«Ён кіраваў найвялікшай з пункту гледжання колькасці католікаў дыяцэзіяй у Беларусі. Вядома, што з 1991 года дыяцэзія змянілася. Гэта дзясяткі пабудаваных і адноўленых касцёлаў, дзясяткі і сотні высвечаных святароў. Насамрэч, за гэтыя часы адбылося вельмі шмат», — адзначае суразмоўца.
Гродзенец лічыць, што Кашкевіч быў лагодным чалавекам. «Ён не кіраваў дыяцэзіяй жорсткай рукой ці вельмі аўтарытарна. Ён заўжды спрабаваў знайсці залатую сярэдзіну, каб нікога не пакрыўдзіць. Колькі за яго гісторыю кіравання прайшло нунцыяў [ватыканскіх дыпламатаў у Беларусі - Hrodna.life], колькі ўсялякіх зменаў. За час яго кіравання была створана Віцебская дыяцэзія. Таксама за час яго кіравання адрадзілася Гродзенская семінарыя, у якой вучыліся людзі нават і не з Беларусі. Пасля паўстала Пінская семінарыя, якую пазней закрылі. Таму столькі ўсялякіх добрых, пазітыўных рашэнняў за яго часы прайшло, праз якія ён запомніцца як першы біскуп Гродзенскай дыяцэзіі, за часы кіравання якога былі закладзены фундамент каталіцтва на бліжэйшыя дзесяцігоддзі», — лічыць актывіст.
Гродзенец дадае, што зараз у вобласці працуе каля 200 каталіцкіх святароў — амаль усіх з іх высвяціў Кашкевіч. «Думаю, дух біскупа Кашкевіча, які панаваў у дыяцэзіі, будзе існаваць і развівацца праз гэтых святароў».
Чытайце таксама: «Імідж для царквы важны, але яго ствараюць для рэжыму». Як рэпрэсуюць святароў і што гэта значыць для вернікаў
Каталіцкі касцёл на Гродзеншчыне адрозніваецца ад іншых рэгіёнаў. Але справа не толькі ў біскупе
Касцёл на Гродзеншчыне адрозніваецца ад касцёла ў іншых рэгіёнах Беларусі. Напрыклад, значна большым уплывам Польшчы, польскай мовы і культуры. На думку актывіста, гэта не справа былога біскупа. Суразмоўца Hrodna.life адзначае, што Гродзенскі рэгіён у прынцыпе адрозны.
«І ён не стаў такім сёння. Гэта ўжо стагоддзямі, гісторыяй, сацыяльнымі працэсамі, уладамі і мовамі, якія тут панавалі, вызначала тое, што наш рэгіён так адрозніваецца ад рэшты каталіцкага касцёлу ў Беларусі. А біскуп Кашкевіч упісаўся ў мясцовую сістэму [Кашкевіч прыехаў у Гродна з Віленшчыны — Hrodna.life] і атрымаўся пэўны двухбаковы працэс. З аднаго боку рэаліі Гродзенскай дыяцэзіі ўплывалі на асобу біскупа Кашкевіча, і сам біскуп уплываў на стан дыяцэзіі», — адзначае гродзенец.