Новая ўстанова з’явіцца непасрэдна ля сцен Лідскага замку. Ужо ўсталявалі драўляны каркас. На фота бачныя рэкламныя шыльды, паводле якіх ва ўстанове будуць падаваць стравы нацыянальнай кухні.
Будаваць рэстаран пачалі ў ліпені
Да будаўніцтва прыступілі ў канцы ліпеня, паведамляе s13.ru. За тры месяцы будаўнічыя паспелі агарадзіць тэрыторыю, а таксама ўсталявалі драўляны каркас будучай установы.
Аб тым, што ў Лідзе будуць адкрывацца новыя кафэ, стала вядома яшчэ ў сакавіку 2024 года. Тады старшыня Лідскага гарвыканкама Сяргей Ложачнік адзначыў, што «ўжо ў гэтым сезоне будуць з’яўляцца новыя рэстараны, кавярні нейкія».
Як улады плануюць развіваць турыстычны патэнцыял Ліды
Гарадскія ўлады непакоіліся, што турысты, якія наведваюць Навагрудак і Ліду, звычайна затрымліваюцца там не даўжэй, чым на некалькі гадзін. Таму вырашылі развіваць інфраструктуру.
На вуліцы Замкавай стварылі пешаходны ўчастак. Таксама ў горадзе вырашылі разнастаіць віды турызму і паклапаціцца пра ўмовы пражывання і харчавання гасцей.
У кастрычніку 2023 года адкрылі турысцка-інфармацыйны кластар. Праз яго плануюць наладзіць рэгіянальнае супрацоўніцтва з іншымі турыстычнымі цэнтрамі рэгіёна.