Гродзенец Кірыл Мішын збірае заплечнікі, абутак, ледарубы, значкі і посуд, якімі карысталіся савецкія турысты і геолагі. Ён знаходзіць іх на інтэрнэт-пляцоўках кшталту «Куфара», выкупае, а ў хуткім часе плануе адкрыць музей турызму. З пошукам памяшкання пад выставу яму дапамагае агратурыстычны комплекс «Гарадзенскі маёнтак „Каробчыцы“», дзе гродзенец працуе. Пра ініцыятыву Кірыла піша «Вячэрні Гродна».

Пачынаў калекцыю з рэчмяшка і плашч-намёта

Першымі ў калекцыі Кірыла сталі рэчавы мяшок і плашч-намёт. А крыху пазней сябры падарылі яму пляшку, зробленую на северадзвінскім заводзе «Севмаш». У народзе яе называлі «шыльніцай», таму што дастаць яе можна было ў рабочых за «шыла» — прыдатны да ўжывання спірт.

— «Шыльніцамі» карысталіся і паляўнічыя, і грыбнікі, і рыбакі, і рабочыя, і вайскоўцы — памер пляшкі ідэальна падыходзіў пад унутраную кішэню афіцэрскага шыняля, — распавядае Кірыл.

Значок беларускай антарктычнай экспедыцыі - самы каштоўны ў калекцыі

Гродзенец збірае і значкі. Сярод калекцыянераў яны, магчыма, і не маюць высокага кошту. Але за кожным з іх стаіць багатая гісторыя, лічыць Кірыл.

— «Турыст СССР» — значок і значок, але, каб яго атрымаць, людзі праходзілі сотні кіламетраў. Кошт гэтага прадмету: пот і сцёртыя да крыві ногі, і ніяк інакш. Для чалавека гэта было асаблівае дасягненне, якім ён вельмі ганарыўся, — дадае мужчына.

Самым каштоўным экспанатам у сваёй калекцыі Кірыл лічыць значок беларускай антарктычнай экспедыцыі.

Чытайце таксама: Што робяць і як жывуць беларускія палярнікі на самым паўднёвым кантыненце

Карыстацца савецкай экіпіроўкай сучасным турыстам не мае сэнсу

Таксама ў будучую экспазіцыю ўвойдзе турыстычны рыштунак: заплечнікі, абутак, палаткі і посуд. Усё гэта Кірыл шукае на інтэрнэт-пляцоўках і выкупляе.

— Ніякай амуніцыі для такіх экспедыцый не было, таму людзі здзяйснялі подзвіг, выкарыстоўваючы самае прымітыўнае абсталяванне. Бяспека ў паходзе залежыць ад якасці экіпіроўкі, але ў савецкія часы людзі рукамі перараблялі пад сябе рэчы, і рабілі іх больш зручнымі.

Пры гэтым выкарыстоўваць савецкую экіпіроўку сучасным турыстам «не мае сэнсу», адзначае Кірыл. Напрыклад, сярэдні заплечнік савецкага альпініста важыў 30 кг, сёння верхняя мяжа турыстаў - 10−12 кг. Тое ж самае і з намётамі. Калі раней спальны мяшок важыў каля двух кг, то сучасны — не больш за адзін.

Кірыл дэманструе савецкі спальны мяшок. Фота: "Вячэрні Гродна"
Кірыл дэманструе савецкі спальны мяшок. Фота: «Вячэрні Гродна»

Самы дарагі экспанат — французскі заплечнік

У калекцыі Кірыла ёсць брызентавы заплечнік французскай фірмы Millet, які выпусцілі да 1964 года — гэта самы дарагі экспанат будучага музея турызму.

— Вядомы італьянскі альпініст Вальтэр Банаці на сваім вопыце падказваў вытворцам, які заплечнік лепш зрабіць. У выніку Millet стварылі каркасны заплечнік, — адзначае Кірыл.

Памяшканне для музея ўжо шукаюць

Кірыл працуе ў агратурыстычным комплексе «Гарадзенскі маёнтак „Каробчыцы“». Ён прапанаваў свайму кіраўніцтву адкрыць на тэрыторыі музей турызму і гэтую ідэю падтрымалі.

Зараз ужо шукаюць памяшканне для будучай экспазіцыі.