У гродзенскі «Рамбудаўтадар» купілі сучаснае абсталяванне кітайскай вытворчасці для здымання дарожнага пакрыцця.

Фрэза зроблена «па тэхналогіі самых прасунутых фірм Германіі і Швецыі», піша канал газеты «Перспектыва». Мадэль фрэзы не ўдакладняюць, але адзначаюць, што купля дарагая.

Раней такой тэхнікі не было ні ў адной спецыялізаванай дарожнай арганізацыі Гродна і Гродзенскага раёна. Для правядзення работ яе бралі ў арэнду ў Менску і іншых гарадах. КУП «Гроднааблдарбуд» наймала такую ​​фрэзу таксама для пракладкі дарогі ў бок Аўгустоўскага канала.

Рамонт дарог у Гродне стрымліваўся, бо ўчасткі магістраляў трэба спачатку адфрэзаваць, вывезці гранулят, і толькі потым наносіць новае дарожнае палатно. Новая тэхніка дапаможа «Рэмбудаўтадар» паскорыць добраўпарадкаванне горада і рамонт магістраляў і дарог, якія пацярпелі ад непагадзі.

Якую яшчэ тэхніку купляюць для горада?

У верасні ва УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна з’явілася шматфункцыянальная газонакасілка. Мадэль, набытая для Гродна, падобная да CAIMAN Comodo Max 2WD HD 107D2K2. На сайце вытворцы такая каштуе больш за $ 13,8 тыс.

Таксама ў горадзе нарэшце з’явіўся падводны пыласмок. З яго дапамогай будуць чысціць фантаны ад смецця. Раней гэта рабілі ўручную, на кожны фантан ішло да пяці дзён. Гродзенцаў здзівіла, што пыласмок купілі толькі зараз: на ozon.by ён каштуе 200−300 рублёў.