Жыхары вуліц Пестрака, Перамогі і Пучкова звярнулі ўвагу на непрыемны пах. Ён быў настолькі моцным, што ўвечары немагчыма было адчыніць вокны. Крыніцу праблемы заўважыў мясцовы эколаг Яўген Філімонаў - высетлілася, што ўся справа ў паляне Томінскага лесу.

Скаргі на смурод паступалі два тыдні - пасля дадаўся і дым

Па словах Філімонава, скаргі на непрыемны пах у вячэрні і начны час паступалі ад гродзенцаў апошнія два тыдні. Людзі меркавалі, што прычына можа крыцца ў выкідах ад мясцовых прадпрыемстваў. Аднак калі некаторыя жыхары заўважылі чорныя слупы дыму, якія ідуць з Томінскага лесу, стала зразумела — крыніца паху знаходзіцца там, піша «Гродзенская праўда».

Кубаметры смецця і каністры з бензінам

Разам з валанцёрамі Філімонаў адправіўся ў лес і выявіў «кубаметры смецця». Адчуўшы пах дыму, людзі рушылі далей і выйшлі на паляну з патушаным вогнішчам. Там жа знаходзіліся каністры з бензінам і адпрацаваным алеем.

— Там былі канапы, тумбачкі, адзенне, разбітыя бутэлькі і нават выкарыстаныя шпрыцы з іголкамі. Карціна, вядома, страшная. Прыкладна за 50 метраў ад гэтага месца праходзіць дарожка, дзе гуляюць дзеці, жанчыны з вазкамі. Што будзе, калі нехта з іх натрапіць на звалку і яе насельнікаў? — адзначыў гродзенец.

Чытайце таксама: Вада ў Гараднічанцы стала белай: сцёкі злівалі ў Нёман. У чым прычына і наколькі ўсё кепска?

Томінскі лес
Тэрыторыя лесу да і пасля расчысткі валанцёрамі. Фота: «Гродзенская праўда»

На паляне часта знаходзіліся людзі з «нізкай сацыяльнай адказнасцю». Па словах кіраўніка ўчастка лясгасу Андрэя Лубіна, раней гэтыя людзі «палілі правады, а цяпер узяліся за гуму». Як справіцца з праблемай, Лубін не ведае.

Як правіла, медныя правады паляць для таго, каб у пункце прыёму металу іх прынялі па больш высокай цане. Неачышчаную медзь таксама прымаюць — толькі яна адразу падае ў цане.

Міліцыя: тэрыторыі рэгулярна патрулююць

У аддзяленні міліцыі Кастрычніцкага РАУС «Гродзенскай праўдзе» распавялі, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў рэгулярна патрулююць лясны масіў і прылеглыя да яго тэрыторыі.

Чытайце таксама: Памятаеце пах гару і смугу ў Гродне? Знайшлі верагодную прычыну