У Гродзенскай вобласці прызначылі новых суддзяў: кагосьці павысілі, кагосьці перавялі, а кагосьці пакінулі на былой пасадзе. Амаль усе з іх выносілі палітычна матываваныя прысуды. Некаторыя судзілі гродзенскіх актывістаў яшчэ ў 2008 годзе.

Барцэвіч — тры адміністратыўкі за мітынгі

суддзя Зінаіда Барцэвіч

Суддзёй Гродзенскага абласнога суда стала Барцэвіч Зінаіда Іванаўна. У 2011 годзе Барцэвіч разглядала адразу тры адміністратыўных справы, звязаных з парушэннямі правядзення мітынгаў і дэманстрацый (23.34 ч. 1). Ва ўсіх выпадках яна прысуджала штрафы ў памеры ад 20 да 25 базавых велічынь.

Барэль — пяць адміністратыўных спраў у 2020 годзе

суддзя Ларыса Барэль

Суддзёй Кастрычніцкага раёна Гродна тэрмінам на пяць гадоў стала Барэль Ларыса Віктараўна. У 2020 годзе яна разглядала пяць адміністрацыйных справаў, звязаных з парушэннямі ў правядзенні мітынгаў і дэманстрацый (23.34 ч. 1), а таксама дробных хуліганстваў (17.1 КоАП). Рашэннем Барэль гродзенскі актывіст Ежы Грыгенча атрымаў 10 сутак арышту за ланцуг салідарнасці (арышт адклалі). Яна ж судзіла і актывіста Уладзіміра Навуміка, якога 29 траўня ў Гродне затрымалі разам з Сяргеем Ціханоўскім, тады мужчына атрымаў 10 сутак арышту.

Гергель — выносіла палітычна матываваныя прысуды яшчэ ў 2008 годзе

суддзя Гергель Таццяна

Намеснікам старшыні суда Кастрычніцкага раёну Гродна стала Гергель Таццяна Уладзіміраўна. Яшчэ ў 2008 годзе рашэннем Гергель актывістам Юрыю Істоміну і Зміцеру Бандарчуку прысудзілі штраф у 5 базавых велічынь кожнаму за дробнае хуліганства. Тады беларусаў затрымалі на вакзале ў Гродне быццам для праверкі дакументаў - у выніку іх даставілі ў аддзяленне міліцыі, дзе і быў складзены пратакол.

У 2018 годзе Гергель абавязала гродзенскіх актывістаў Мікалая Саляніка і Аляксандра Лаўрэнцьева выплаціць штрафы ў 25 базавых велічынь за непадпарадкаванне міліцыі (23.4 КоАП) і парушэнні ў правядзенні мітынгу. Актывістаў затрымалі пры выхадзе з дома 3 ліпеня, калі яны планавалі правесці пікет падчас урачыстасцяў у Гродне.

Тоўсцік-Самойла — разгледзела не менш за 20 адміністрацыйных спраў у 2020 годзе

суддзя Тоўсцік-Самойла Алена

Суддзёй у Кастрычніцкім раёне Гродна стала Тоўсцік-Самойла Алена Аляксандраўна. У 2018 годзе яна прысудзіла анархісту Уладзіславу Серадзе штраф у 15 базавых велічынь за рэпост, што прыраўноўваецца да распаўсюджвання экстрэмісцкіх матэрыялаў (17.11 КаАП). У 2020 годзе Тоўсцік-Самойла разгледзела не менш за 24 справы, звязаных з парушэннямі ў правядзенні мітынгаў і дэманстрацый (23.34 ч. 1). У тым ліку прысуджала 5 сутак Сяргею Верамеенку і 10 сутак Ежы Грыгенчы. Агулам Тоўсцік-Самойла выдала штрафаў больш за 9 тысяч рублёў.

Кароль — пазбавіў пляцоўкі Гродзенскі дзіцячы хоспіс і адабраў маёмасць у «Маёнтак Падароск»

суддзя Кароль Эдуард

Намеснікам старшыні эканамічнага суда тэрмінам на пяць гадоў стаў Кароль Эдуард Лявонцьевіч. Ён вёў судовую справу па пазбаўленні Гродзенскага дзіцячага хоспісу памяшкання пасля таго, як яго дырэктарка Вольга Вялічка прыняла ўдзел у акцыі пратэсту. Таксама канфіскаваў на карысць дзяржавы комплекс «Маёнтак Падароск».