Комплекс узводзяць на месцы былога ваеннага гарадка. Старыя будынкі плануюць захаваць, скамбінаваўшы сучасныя архітэктурныя рашэнні з традыцыйнай цаглянай кладкай пачатку ХХ стагоддзя. Рэндар праекта з’явіўся на сайце архітэктурнага бюро «ВКЛ-праект».
Застанецца цагляная кладка і з’явяцца шкляныя прыбудовы
Будаўніцтва вядзецца побач з ГЦ «Карона» на праспекце Янкі Купалы. Там з’явіцца склад і гандлёвая кропка мэблевай кампаніі «Пінскдрэў». Комплекс зойме плошчу ў 11,5 тыс. «квадратаў».
Частку складоў, пабудаваных на пачатку ХХ стагоддзя, плануюць захаваць. Згодна з рэндарам, іх плошчу пашыраць праз прыбудовы са шкла і металу. Але арыгінальная цагляная кладка застанецца.
Побач з новым комплексам з’явіцца паркоўка. Будаўніцтва плануюць завяршыць сёлета.
Частку казармаў раней знеслі
Новы аб’ект «Пінскдрэва» ўзводзяць на тэрыторыі былога ваеннага гарадка. Там захавалася некалькі будынкаў старых складоў, у якіх за апошнія гады былі розныя арандатары. Да 2013 года існаваў таксама адметны сваёй архітэктурай будынак казармаў, але яго знеслі ў час будаўніцтва ГЦ «Карона».