З 21 верасня па 1 кастрычніка ў Гродне пройдзе праваслаўны фестываль «Радасць». Асноўнай пляцоўкай правядзення будзе Савецкая плошча. Фестываль арганізоўвае Свята-Елісавецінскі манастыр, які вядомы сваёй падтрымкай расійскага войска ў агрэсіі супраць Украіны.

У рамках фестывалю будзе праграма для дзяцей і дарослых. Гутаркі з бацюшкам на розныя тэмы арганізуюць у актавай зале Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора і ў спецыяльным намёце для гутарак. Для дзяцей рыхтуюць паказы ў тэатры-батлейцы і сямейныя майстар-класы. На сцэне будуць праходзіць выступленні артыстаў, канцэрты, у тым ліку 22 верасня канцэрт вайсковых песень да Дня Перамогі.

Таксама ў праграме гутарка са студэнтамі пра Дастаеўскага, сустрэча ва ўстановах адукацыі з паралімпійцам, які падтрымлівае Расію ў вайне. Аляксеем Талаем і гутарка пра «духоўна-маральныя аспекты адзінства беларускага народа». У кінатэатры ў рамках фестывалю пакажуць прэм’еру фільма «Фагот» пра дзяўчынку з Данецка, бацька якой пайшоў «апалчэнцам» на фронт і знік без вестак, а яна ў Маскве вучыцца граць на фагоце і дае канцэрты для параненых у шпіталях.

Усе дні фестывалю будзе працаваць дзіцячая гасцёўня «Под небом голубым», экспазіцыя «История книги на Руси», кніжная кавярня і акцыя «Помощь жителям Донбасса». Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны. Працягласць сустрэч — ад гадзіны да паўтары. Таксама на фестывалі будзе прадавацца прадукцыя, вырабленая ў майстэрнях Свята-Елісавецінскага манастыра.

Праграма фестывалю Радасць
Праграма фестывалю

Арганізатар — скандальна вядомы манастыр

Арганізатарам фестывалю выступаюць Свята-Елісавецінскі манастыр у Мінску і Сястрынства ў гонар прападобнапакутніцы Елісаветы. Свята-Елісавецінскі манастыр і яго духоўнік протаіерэй Андрэй Лемяшонак публічна падтрымліваюць агрэсію Расіі супраць Украіны. Манастыр арганізоўваў мерапрыемствы ў падтрымку расійскай агрэсіі, праводзіў хрэсны ход з расійскім сцягам з літарай «Z», сцягам у колерах георгіеўскай стужкі, перадаваў расійскім вайскоўцам аўтамабілі і атрымліваў падзяку за пастаўку экіпіроўкі. Па блаславенні Андрэя Лемяшонка заснавана група «Помощь братьям», дзе вернікам прапануюць адпраўляць лісты і цёплыя рэчы і пералічваць грошы расійскім вайскоўцам ва Украіне.

Праўда, на сайце фестываля «Радость» напісана, што сродкі ад продажу вырабаў манастырскіх майстэрняў пойдуць на будаўніцтва прытулку і драўлянага храма на тэрыторыі псіхіятрычнай лякарні, а таксама духоўна-асветніцкага цэнтра ў мікрараёне Навінкі, у Менску.

Раней фестываль «Радость» праходзіў у Брэсце і Пінску.

Чытайце таксама: