Канфлікт разгарнуўся вакол паркоўкі ў новым доме на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Гродзенцы абураны тым, што забудоўшчык — мінская фірма «Айран» — вырашыў арганізаваць платную паркоўку, але на ўсіх этапах будаўніцтва і падчас продажу кватэр пра гэты нюанс не паведамляў. Пра незадаволенасць гараджан і адказ забудоўшчыка распавёў блог s13.ru.
«Парковачныя месцы прадаюцца па $ 2000 за месца»
Па словах жыхароў, забудоўшчык на ўсіх этапах будаўніцтва дома і падчас продажу кватэр не паведамляў, што паркінг будзе платным. Раней гаворка ішла толькі пра платную падземную паркоўку.
«У снежні 2023 года мы набылі жыллё па адрасе вуліца Савецкіх Пагранічнікаў, 57. У дагаворы куплі-продажу ўказана, што ў кошт уключана жыллё і бясплатныя парковачныя месцы з усімі камунальнымі паслугамі. Аднак пазней ад старшыні даведаліся, што парковачныя месцы ў некаторых пад’ездах прадаюцца забудоўшчыкам па кошце $ 2000 за месца», — распавёў адзін з жыхароў.
Чытайце таксама: Якім будзе новы жылы комплекс на месцы прыватных дамоў па Савецкіх Пагранічнікаў
З-за шлагбаумаў да дому не можа пад’ехаць хуткая дапамога
Каля дому з’явіліся шлагбаумы — цяпер жыхары бакавых секцый дома не могуць пад’ехаць да пад’езду, калі ў іх няма парковачнага месца.
«Атрымліваецца, што не маючы платнага месца на дадзенай наземнай паркоўцы, жыхары не могуць туды элементарна пад’ехаць — высадзіць дзяцей, загрузіць ці выгрузіць нейкія рэчы. А хуткая альбо іншыя аварыйныя-выратавальныя службы? Яны ж не праедуць без чыпа ці дазволу. Бясплатны заезд толькі з боку цэнтральнай вуліцы — яно і зразумела: там жа гандлёвыя цэнтры. А на першых паверхах дома камерцыйныя памяшканні, і тыя месцы, што адведзены для гасцявых парковак, будуць цалкам заняты ўладальнікамі гэтых памяшканняў, а таксама іх наведвальнікамі. А жыхары дома застаюцца без парковачных месцаў», — абураюцца людзі.
Жыхары патрабуюць кампенсацыю за ўвядзенне ў зман
Па словах гродзенцаў, забудоўшчык «на кантакт не ідзе». Нават давялося пісаць афіцыйныя лісты ў розныя ўстановы — пад імі падпісаліся каля 80 чалавек. Людзі патрабуюць прыбраць наземныя платныя парковачныя месцы і зрабіць іх бясплатнымі для жыхароў дома. Таксама гродзенцы просяць выплаціць усім жыхарам кампенсацыю за дэзінфармацыю пры набыцці кватэр.
«Ведаючы, што будзе такая сітуацыя з платнымі паркоўкамі, мы б не куплялі кватэры ў гэтым доме. Бо па выніку кошт квадратнага метра ў забудоўшчыка ТДА „Айран“ на 500−700 рублёў вышэйшы, чым, напрыклад, у ААТ „Гроднажылбуд“, а ўмовы для жыхароў, як аказалася, значна горшыя», — адзначылі гродзенцы.
Чытайце таксама: Улады адказалі на скаргу гродзенцаў наконт платных парковачных месцаў
Забудоўшчык: «Усё новае спачатку выклікае эмоцыі»
На прэтэнзіі людзей забудоўшчык адказаў праз журналістаў. Ён адзначыў, што «ўсё новае спачатку выклікае эмоцыі». Забудоўшчык таксама паведаміў, што пры распрацоўцы праекта дома для ўладальнікаў аўто былі зацверджаны тры варыянты: адкрытая паркоўка з вольным доступам, выдзеленыя і пранумараваныя стаяначныя месцы за шлагбаумам, а таксама падземны паркінг.
На думку забудоўшчыка, праблема ўзнікла менавіта з другім варыянтам. На сустрэчы жыхароў і забудоўшчыка, якая адбылася 10 верасня, прыйсці да адзінага рашэння не атрымалася. Таму зараз распрацоўваецца «магчымы камбінаваны варыянт».
«У дадзены момант няма ніякіх праблем з праездамі і паркоўкамі, бо доступ адчынены ўсюды. І застанецца такім да ўзгаднення і прыняцця канчатковага рашэння ўсімі бакамі», — дадаў забудоўшчык.