У беларускіх пунктах пропуску на межах з краінамі Еўрасаюзу з’явяцца дадатковыя пляцоўкі для чакання. Там можна будзе перакусіць і дачакацца сваёй чаргі ў больш камфортных умовах. Да будаўніцтва некаторых з іх плануюць прыступіць ужо сёлета.
Пляцоўкі з’явяцца на ўсіх пунктах пропуску з ЕС
З-за напружанай сітуацыі на мяжы і працяглага чакання праходжання мытні беларускі бок вырашыў пабудаваць спецыяльныя пляцоўкі. Аб гэтым у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» заявіў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі.
«Таму мы зараз практыкуем будаўніцтва пляцовак чакання. З гэтых пляцовак чакання грузавікі накіроўваюцца на мяжу па вызначаным парадку з электроннай чаргой. І перад усімі пунктамі пропуску, якія зараз дзейнічаюць, мы плануем сёлета і ў наступным годзе пашырэнне такіх пляцовак», — распавёў Арлоўскі.
На пляцоўках можна будзе паесці і скарыстацца прыбіральняй
Для кіроўцаў фураў найбольш складаная сітуацыя назіраецца перад пунктамі пропуску «Казловічы» і «Каменны Лог» — там плануюць пабудаваць дадатковыя пляцоўкі ўмяшчальнасцю ад 200 да 600 аўтамабіляў.
Легкавым аўтамабілям складаней усяго прыходзіцца ў пункце пропуску «Брэст». Там напрыканцы 2025 года плануюць пабудаваць пляцоўку на 600 аўтамабіляў. Таксама на пляцоўках размесцяць гандлёвыя кропкі і прыбіральні.