Мантаж фотазоны завяршылі ў дворыку на Маркса, 11. Яшчэ год таму там устанавілі фігуркі каваля і яго памочніка, а напярэдадні сёлетняга Дня горада дадалі драўляных жывёл: коняў, сабаку і ката. Застаўся апошні этап работы над інсталяцыяй — яе мастацкае афармленне, паведамляе «Вячэрні Гродна».
Можна зрабіць фота вярхом на кані
Фотазона ўяўляе кавальскі двор у мініяцюры. Акрамя драўляных фігур тут ёсць цагляная печ, а сцяна ўпрыгожана кавальскімі вырабамі.
Інсталяцыя інтэрактыўная — на аднаго з конікаў можна забірацца, каб зрабіць фотаздымак, а для зручнасці ўсталявалі спецыяльную прыступку.
Далейшым афармленнем і роспісам фігур будуць займацца гродзенскія мастакі.
Для прыгожага здымку прыйдзецца падбіраць ракурс — усё з-за смеццевых бакаў
Побач з фотазонай знаходзіцца самы вялікі мурал у Гродне, які прысвечаны гісторыі горада. Але ёсць нюанс. Каб пабачыць і сфатаграфаваць мурал і інсталяцыю разам, трэба адысці далей. І тады можна ўперціся ў смеццевыя бакі, што стаяць побач.
Летась, адразу пасля адкрыцця мурала, супраць яго выказаліся шэраг беларускіх прапагандыстаў. Мурал захавалі, але праз некалькі месяцаў перамалявалі постаць святога Губерта — яго «паднялі з кален».