Валанцёры грамадскай арганізацыі «Адданае сэрца» знайшлі новае памяшканне, дзе змогуць змяшчаць бяздомных катоў. Яно больш прасторнае і лепш прыстасавана для пражывання жывёл, чым ранейшае на Фолюшы, адкуль арганізацыю выселілі. Аднак узрасла і арэнда — цяпер валанцёры не ўпэўненыя, што змогуць самастойна пакрываць штомесячныя плацяжы.

Дом для катоў будзе непадалёк ад цэнтру

Новае памяшканне пакуль не засялілі, валанцёры рыхтуюць катоў да пераезду. «Нам нарэшце вельмі пашанцавала! Новае месца больш прасторнае, у ім нашмат больш камфортных умоваў не толькі для пухнацікаў, але і для тых, хто кожны дзень даглядае іх», — паведамілі валанцёры ў Instagram-акаўнце «Адданага сэрца».

Адрас новага дому не агучваецца. Па словах валанцёраў, ён знаходзіцца непадалёк ад цэнтру горада.

Валанцёраў усяго шасцёра — пакрыць усе выдаткі яны не змогуць

З новым памяшканнем узрасце і арэндная плата. Валанцёры не ўпэўненыя, што ў іх атрымаецца пакрываць усе выдаткі. Таму просяць неабыякавых людзей дапамагчы ў зборы сродкаў.

«Паколькі гэта першы месяц, мы будзем вымушаны папрасіць двойчы, калі раптам апынецца, што патрэбная сума не збярэцца, — зараз і ў канцы месяца. Далей мы будзем прыходзіць з працягнутымі лапкамі ў канцы кожнага месяцу і прасіць аказаць падтрымку ў зборы недастатковай сумы на арэнду», — напісалі яны.

Зараз у доміку для катоў працуе ўсяго шэсць валанцёраў - для Гродна гэта зусім мала, адзначаюць актывісты.

Новае памяшканне шукалі з вясны 2024 года

Дом для катоў на Фолюшы адкрыўся ў 2018 годзе ў памяшканні былой медроты вайсковай часткі. Валанцёры «Адданага сэрца» і іншыя неабыякавыя людзі зрабілі там рамонт. Там знаходзілася адначасова ад 40 да 60 катоў.

Вясной 2024 года стала зразумела, што «Адданаму сэрцу» прыйдзецца пакінуць памяшканне. Паводле праекту забудоўвы мікрараёну, на Фолюшы плануецца стварыць ландшафтна-рэкрэацыйную зону.

На пачатку чэрвеня гарадская адміністрацыя прапанавала «Адданаму сэрцу» новае памяшканне. Яго стан быў вельмі дрэнным. У выніку валанцёры вырашылі ад яго адмовіцца і самі заняліся пошукамі.