У мінулым ацяпляльным сезоне адна з раённых жыллёва-камунальных гаспадарак у Гродне настолькі перавысіла нормы выкідаў з кацельні, што нашкодзіла навакольнаму асяроддзю. Урон ацанілі ў амаль 64 тысячы рублёў.

На выкіды з кацельні звярнуў увагу Абласны камітэт аховы прыроды і ацаніў суму нанесенай прыродзе шкоды ў грашовым вымярэнні. Прадпрыемства ЖКГ адмовілася выплачваць грошы добраахвотна, справа дайшла да суда, расказалі на «Гродно Плюс».

Выязное пасяджэнне правялі на юрыдычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Высновы аналітычнага лабараторнага кантролю пацвердзілі парушэнні экалагічных норм. ЖКГ растлумачыла гэта зносам абсталявання. Рэч у тым, што катлы, якія адслужылі больш за 10 гадоў, ужо не могуць адпавядаць высокім экалагічным стандартам. Пры гэтым бяспека іх эксплуатацыі пацвярджалася і тэрмін службы працягвалі.

Суд прызнаў віну прадпрыемства і пастанавіў спагнаць каля 64 тысяч рублёў на карысць рэспубліканскага бюджэту за шкоду, прычыненую навакольнаму асяроддзю. Рашэнне пакуль не набыла моц і можа быць абскарджана на працягу 15 працоўных дзён.

Псуюць не толькі паветра

У канцы жніўня экалогіі горада таксама нашкодзілі. Гродзенскае прадпрыемства, назву якога не выдаюць, забрудзіла сваімі прамысловымі стокамі раку Гараднічанку. Прадпрыемства чакае адміністрацыйны штраф і кампенсацыя шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Пытаннем займаецца Гродзенская гарадская і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Чытайце таксама: У Навагрудку аштрафавалі дырэктара ЖКГ — не павесіў камеру на возеры