Жыхары Гродна, Ліды, Навагрудка і Слоніма з 8 верасня пачалі расказваць пра смугу, якая засланяла сонца, і пра адчувальны пах гару. МНС паведаміла, што ніякіх узгаранняў няма, аднак некалькі магчымых прычын для з’яўлення смугі ўсё ж ёсць.
«Ніякіх узгаранняў зараз няма і не было. Ратавальнікі высвятляюць прычыну паху. Сітуацыя трымаецца на кантролі», — перадае паведамленне Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Telegram-канал «Гродненские сливы».
Медыя падаюць тры асноўныя прычыны, якія маглі выклікаць запах гару і смугу ў небе над Гродзенскай вобласцю.
Прычына 1: Пажар у Палескім лясгасе
Адной з прычын распаўсюджвання гару ў Гродзенскай вобласці мог стаць пажар у Палескім лясгасе. Паводле дадзеных на 9 верасня гарэла каля 50 гектараў, перадусім забалочанай мясцовасці ў заказніку «Альманскія балоты», паведамляе БелТА.
Па стане на 10 верасня ў тушэнні пажару задзейнічана 26 адзінак тэхнікі і 110 чалавек. Паводле Мінлясгаса прычынай пажару магло стаць неасцярожнае абыходжанне з агнём у час збору журавін.
Прычына 2: Пажары ва Украіне
На мінулым тыдні стала вядома, што з-за засухі гарыць Чарнобыльская зона. Заўважылі пажары і ў зоне баявых дзеянняў у Бранскай вобласці Расіі і Чарнігаўскай вобласці Украіны.
Дым ад пажараў паступова распаўсюджваўся па Беларусі: спачатку ён накрыў Гродзенскую вобласць і ўсходнюю частку Літвы, а далей перамясціўся ў Мінск, адзначае «Наша Ніва».
Прычына 3: Кліматычныя змены
Да нас прыйшоў антыцыклон Квенцін, які зрабіў Беларусь «самай гарачай краінай Еўропы», паведамляе Telegram-канал «Надвор'е». Пры дэфіцыце ападкаў цёплае паветра падымаецца ўверх і стварае бар’ер для рассейвання забруджванняў — дыму ад вогнішчаў, выкідаў аўтамабіляў і прадпрыемстваў.