Гродзенскіх качак цяпер можна пачаставаць няшкоднай для іх ежай. Набыць яе можна ў адмысловых аўтаматах. Першы апарат знаходзіцца на пляжы ў Пышках, другі — каля возера на вуліцы Курчатава. Яшчэ адзін неўзабаве з’явіцца ў зоне адпачынку на Рэпіна. Дзякуючы ініцыятыве гродзенскіх прадпрымальнікаў качкі могуць атрымаць бяспечны для іх арганізму корм.
Пачаставаць птушак можна за 1,3 руб.
Набыць адмысловы корм для качак каштуе 1,3 руб. Плаціць трэба картай — на аўтамаце ёсць тэрмінал. Пасля аплаты апарат выдасць збалансаваны для вадаплаўных птушак корм.
Натхніліся ідэяй з інтэрнэту
Аўтарамі ініцыятывы сталі гродзенскія прадпрымальнікі Міхаіл і Аляксандр. «Адзін падобны праект эколагаў я ўбачыў у інтэрнэце, дадумаў яго, адаптаваў і звярнуўся з такой ініцыятывай да гарадскіх уладаў», — распавёў Міхаіл «Вячэрняму Гродна».
Ад ідэі да ўвасаблення яе ў жыццё прадпрымальнікам спатрэбілася некалькі месяцаў: яны знайшлі месцы для размяшчэння апаратаў і ўсталявалі іх.
Ініцыятыва разлічана на тры гады. «Набыццё і далейшае абслугоўванне апарата, вытворчасць корму, банкаўскае суправаджэнне — пакуль гаворка ідзе толькі аб укладаннях. Ініцыятыва пакуль не прыносіць прыбытку. Для нас больш значная яе экалагічнасць», — адзначаюць прадпрымальнікі.
Гродзенцы спадзяюцца, што дзякуючы апаратам людзі перастануць частаваць птушак печывам або снэкамі, якія шкодзяць іх здароўю.
Чытайце таксама: Ці трэба карміць птушак у горадзе?
Два апараты ўжо ёсць, яшчэ пяць магчыма з’явяцца
Апараты ўжо з’явіліся на пляжы ў Пышках і таксама каля возера на вуліцы Курчатава. У хуткім часе яшчэ адзін усталююць у зоне адпачынку на Рэпіна. А калі кармушкі будуць эфектыўнымі, прадпрымальнікі плануюць змясціць дадатковыя апараты на паркоўцы каля Юбілейнага возера, у парку Жылібера, на беразе Гараднічанкі, а таксама каля вадападу на Віленскай.