Развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі ў Гродзенскай вобласці пакуль пастаўлена на паўзу і дзяржавай, і прыватнікамі. Справа ў тым, што ветрапаркі і сонечныя элетрастанцыі недастаткова эфектыўныя з эканамічнага пункту гледжання. Пра гэта расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Ветракі і сонечныя батарэі ў беларускіх умовах не могуць дэманстраваць такую ж эканамічную эфектыўнасць, як атамная электрастанцыя ў Астраўцы, лічыць чыноўнік.
«Вырабляць эканамічна неканкурэнтаздольную электраэнергію толькі для таго, каб быць у трэндзе — напэўна, для рацыянальных беларусаў на сённяшні момант гэта не самы аптымальны падыход», — расказаў Каранік.
На думку Караніка, беларускую АЭС таксама можна адносіць да «зялёнай» энергетыкі, бо станцыя не дае выкідаў, якія ўплываюць на парніковы эфект. А да ветраэнергетыкі ці сонечнай энергетыкі можна будзе вярнуцца, калі гэтыя тэхналогіі, за кошт павышэння эфектыўнасці абсталявання, змогуць канкураваць з іншымі крыніцамі энергіі.
Чытайце таксама: Як у Навагрудку развівалі «зялёную» эканоміку
Прыватныя «зялёныя» электрастанцыі шукаюць, куды збываць энергію
Гэтая ж праблема, на думку чыноўніка, датычыцца і прыватных уладальнікаў ветрапаркаў ці сонечных электрастанцый.
«А куды яны гэту энергію дзенуць? У сетку [аддаваць] па тых тарыфах, па якіх мы гатовы купляць гэту энергію ў прыватных вытворцаў, у іх таксама няма эканомікі», — сказаў Уладзімір Каранік. Паводле яго слоў, многія ўладальнікі ветрапаркаў і сонечных электрастанцый зараз задумаліся аб будаўніцтве побач уласных вытворчасцей, якія дазволяць выкарыстоўваць гэтую энергію для вытворчасці нейкай прадукцыі. У прыватнасці, такія праекты абмяркоўваюцца ў Зэльвенскім, Шчучынскім і Навагрудскім раёнах.
Аднаўляльныя крыніцы энергіі - ужо не ў прыярытэце
У 2010-х дзяржава стымулявала развіццё «зялёных» электрастанцый з дапамогай павышаючых каэфіцыентаў. З іх улікам будаўніцтва ветракоў і сонечных станцый было выгадным, бо прыватнік мог прадаваць электрычнасць у агульную сетку па павышаных тарыфах. Але ў 2022 годзе гэтыя прэферэнцыі адмянілі. Калі раней каэфіцыент быў у сярэднім 1,3, а па сонечнай энергетыцы даходзіў да 3, то пасля зменаў тарыф наблізіўся да 0,4, пісала выданне «Беларусы і рынак». У новых умовах вытворчасць зялёнай энергетыкі і пастаўка яе ў агульную энергасетку сталі нерэнтабельнымі для вытворцаў.
Іншы бар’ер — дзяржаўнае рэгуляванне. Выканаць некаторыя патрабаванні проста немагчыма. Напрыклад, Мінэнерга патрабуе, каб пастаўшчык загадзя паведаміў, колькі электрычнасці дасць заўтра яго станцыя. Але ў выпадку ветракоў зрабіць гэта проста немагчыма.