Недабудаваны сяміпавярховы будынак на праспекце Індустрыяльным, 12 у Смаргоні збіраюцца знесці. Рашэнне аб зносе прыняў мясцовы гарвыканкам у сярэдзіне жніўня. Да гэтага недабудаваную гасцініцу савецкіх часоў чатыры гады спрабавалі прадаць.
Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі на 2019 год, гасцініца гатовая на 38%. Яна не была закансерваваная. Плошча будынка — 7834.3 кв. м. Вонкавая плошча — 2337 кв. м.
Зносіць будынак будуць са снежня 2024 года па люты 2025 года. Тып зносу — камбінаваны. Яго выкарыстоўваюць для будынкаў, дзе адны элементы разбіраюцца ручным спосабам, іншыя механізаваным, трэція выбухным. Адпрацаваныя элементы перапрацуюць у другасны друз і металалом.
Перад зносам у верасні правядуць тэхнічнае абследаванне будынка, каб ацаніць стан, ступень фізічнага зносу канструкцый, небяспеку абвальвання элементаў.
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага раёна шукае генпадрадчыка для праектна-пошукавых работ. Іх правядуць з 16 верасня па 15 кастрычніка.
Што там магло б быць?
Зямельны ўчастак прапаноўвалі выкарыстоўваць для будаўніцтва і абслугоўвання вытворчага або адміністрацыйна-дзелавога будынка. Апошні аўкцыён, які прайшоў у ліпені 2024 года, не адбыўся.
Навошта ў Смаргоні такая вялікая гасцініца?
У савецкі час каля гасцініцы збіраліся ўзвесці філіял Мінскага трактарнага завода. Там хацелі працаўладкаваць 7000 чалавек. А да 2000 года — давесці насельніцтва Смаргоні да 100 тысяч чалавек. Будаўнікі паспелі ўзвесці ў чыстым полі траціну ад запланаваных цэхаў, а таксама некалькі панэльных дзевяціпавярховак, школу, універсам і дзіцячы сад. Сяміпавярховую гасцініцу на Індустрыяльным праспекце — шырокай магістралі, якая звязвае Смаргонь з прамзонай — дабудаваць не паспелі.