Чарговую пліту на гродзенскай Алеі кіно адкрылі 6 верасня напярэдадні Дня горада. Алея размяшчаецца на вуліцы Савецкай каля былога кінатэатра «Гродна» і на ёй з 2016 года ўсталёўваюць пліты ў гонар фільмаў, якія здымалі ў Гродне або ваколіцах.
На Алеі кіно ўвекавечылі чарговы ваенны фільм
Гэтым разам вырашылі ўвекавечыць фільм «Зімародак» 1972 года. У стужцы расказваецца пра школьніка Марата і яго таварышаў, якія ў пасляваенныя гады шукаюць героя вайны, партызана-падрыўніка, вядомага пад мянушкай Зімародак, пра подзвіг якога яны даведаліся ад былога лётчыка Сівога.
Стужку рабілі на кінастудыі «Беларусьфільм». Лічыцца, што прынамсі частку яго здымалі ў Гродне. Праўда, праглядзеўшы фільм, рэдакцыя Hrodna.life не пабачылі ў ім нейкіх характэрных для Гродна кадраў. Вядома, што заключная частка «Зімародка» здымалася каля вёсак Пасынкі і Нікольцы Мядзельскага раёна — там знаходзіцца помнік нарачанскім партызанам.
Чытайце таксама: Дзе ў Гродне можна ўбачыць зімародка і іншых цікавых птушак?
Рэжысёрам «Зімародка» быў Вячаслаў Нікіфараў. Ён нарадзіўся ў расійскім Адлеры, але з 1986 па 1994 займаў розныя пасады пры Беларускім саюзе кінематаграфістаў, быў у тым ліку і яго старшынёй. Нікіфараў - заслужаны дзеяч мастацтва БССР, у 1978 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамола БССР, у 2002 — ганаровую грамату ад Савета Міністраў. У 2022 годзе Нікіфараў атрымаў на кінафестывалі «Лістапад» узнагароду «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве».
На Алею кіно трапляюць фільмы і серыялы
Алею кіно ў Гродне адкрылі ў 2016 годзе. Зараз на вуліцы Савецкай усталявана 13 пліт у гонар савецкіх і беларускіх стужак, якія, як лічыцца, здымаліся ў Гродне. Сярод іх «Міколка-Паравоз», «Белые росы», «Я родам з дзяцінства» і іншыя. Летась на алеі кіно з’явілася пліта ў гонар беларуска-расійскага серыяла «Покушение». Ёсць і памылковыя пліты. Напрыклад, фільм «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» здымалі зусім не ў Гродне, але пліту ў яго гонар усё ж усталявалі.