Рух на мосце праз Юрысдыку абмяжуюць, мост на Ласасянцы рэканструююць, а мікрараён Грандзічы злучаць з вуліцай Дзяржынскага. Аб запланаваных дарожных работах і тэрмінах іх выканання расказаў на прэс-канферэнцыі старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік.
Рэканструкцыю моста праз Ласасянку пачнуць у 2025 годзе
У спіс найбольш праблемных дарожных участкаў у Гродне трапіў двухпалосны мост праз Ласасянку паміж вуліцамі Ткацкай і Савецкіх пагранічнікаў. Ён мае патрэбу ў рэканструкцыі. Па словах Караніка, на час рамонту побач пабудуюць яшчэ адзін мост, які часова возьме на сябе дарожны паток.
«Пасля чаго будзе рэканструяваны існуючы і мы атрымаем нармальныя чатыры паласы, якія на выхадзе з горада дазволяць забяспечыць патрэбнасці жыхароў», — адзначыў кіраўнік вобласці.
Другая праблема, якую мясцовыя ўлады плануюць вырашыць «у кароткатэрміновай перспектыве» — адрэзак дарогі ад кальца каля Паўднёвага рынку да Альшанкі. Рамонт дарожнага пакрыцця не вырашыў галоўнай праблемы — недастатковая шырыня і нізкая прапускная здольнасць.
Каранік адзначыў, што работы на абодвух праблемных участках пачнуцца «ў любым выпадку ў наступным годзе». Аднак на вырашэнне пытання з мостам праз Ласасянку «магчыма, крыху больш часу патрабуецца».
Падчас прэс-канферэнцыі абмяркоўвалі і мост праз Юрысдыку, які злучае плошчу Тызенгаўза і вуліцу Мітрапаліта Філарэта. Каранік падкрэсліў, што «на жаль, без перакрыцця руху і рэканструкцыі моста — не атрымаецца». Таму гродзенцы павінны падрыхтавацца да часовых нязручнасцей.
Грандзічы злучаць з вуліцай Дзяржынскага
Ёсць у Гродне і два дарожныя ўчасткі, якія пакуль знаходзяцца ў перадпраектнай стадыі - гэта значыць, што ў бліжэйшы год праекты не рэалізуюць.
Абмяркоўваецца падаўжэнне вуліцы Мясніцкай: яе плануюць закальцаваць альбо з вуліцай Дамброўскага, альбо з вуліцай Багуцкага.
Другі праект на стадыі распрацоўкі - будаўніцтва дарогі, якая звяжа мікрараён Грандзічы з вуліцай Дзяржынскага.
У Гродне будзе пяты мост праз Нёман — праўда, гадоў праз дзесяць
Пяты мост у Гродне ўсё ж такі спатрэбіцца — такі вынік зрабілі эксперты. Пакуль няма адзінага разумення, дзе ён будзе знаходзіцца. «Лічыцца, што гэта перспектыва не бліжэйшых дзесяці гадоў», — адзначыў Каранік.
Па тэме: «Збіралі грошы са ўсёй краіны». У Гродне нарэшце адкрылі чацвёрты мост праз Нёман