Гродна і Ліда сталі самымі папулярнымі летнімі напрамкамі для паездак у межах Беларусі паводле агрэгатара “Атлас”. Пасажыры найчасцей набывалі аўтобусныя білеты ў гэтыя два гарады. Узрасла і колькасць браніраванняў гатэляў у Гродне. 

Летам мінчане ездзілі ў Гродна і Ліду 

Самым запатрабаваным накірункам у “Атласе” стаў маршрут Мінск — Гродна і Гродна — Мінск. Пры гэтым білеты набывалі не толькі ў выхадныя, але і ў буднія дні.

На другім месцы маршрут Мінск — Ліда. Як адзначае “Атлас”, вялікая актыўнасць назіралася падчас святкавання Дня горада ў Лідзе. «На свята адправілася нямала іншагародніх гасцей», – адзначае агрэгатар. 

Па тэме: Набыць аўтобусныя білеты на Дзень горада ў Лідзе аказалася складана

Таксама ў топ запатрабаваных маршрутаў трапілі Гродна — Ліда і Гродна — Ваўкавыск. 

У Гродне ўсё часцей браніруюць гатэлі

Таксама Гродна паказала самы вялікі прырост па колькасці браніравання нумароў у гатэлях за жнівень. У параўнанні з тым жа перыядам 2023 года гэты паказчык вырас на  247%. 

Далей ідзе Віцебск — 173%, Брэст — 165% і Мінск — 115%, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычнай індустрыі. 

Агулам найбольшая частка браніраванняў па Беларусі назіраецца ў Мінску — 62% з усіх заказаў. На другім месцы Брэст — 10%. Гродна ў гэтым спісе на трэцім месцы — 7%.