Праект абнаўлення набярэжнай усё яшчэ абмяркоўваюць, але канцэпцыю для грамадскага абмеркавання разлічваюць стварыць да канца 2024 года.

Пра гэта расказаў кіраўнік Гродзенскай вобласці Уладзімір Каранік падчас прэс-канферэнцыі. Чыноўнікі ўсё ж улічылі многія ідэі гараджан, якія тыя дасылалі на конкурс аблвыканкама. Пры гэтым адзінай канцэпцыі пакуль няма.

Хто гэта бачыць, як трэба крыху пашырыць, абшыць мармурам, і зрабіць камернае месца, дзе можна шпацыраваць, хтосьці ўсё ж такі бачыць, што гэта аналаг мінскай Зыбіцкай, якая ніколі не спіць, і дзе кіпіць жыццё. Я ўсё ж думаю, што, улічваючы менталітэт гродзенцаў і ўвогуле атмасферу горада Гродна, што ісціна павінна быць недзе пасярэдзіне, — падзяліўся Каранік.

Рэканструкцыю набярэжнай маюць намер завяршыць да 2028 года — праект называюць падарункам да 900-годдзя Гродна.

Ідэі былі, прыз не далі

Конкурс ідэй для добраўпарадкавання набярэжнай Нёмана правялі восенню 2023 года. Сярод прапаноў, адпраўленых на конкурс — экасцежка, якая аб’ядноўвае бераг, ваду і востраў; пешаходны мост праз Нёман, каб звязаць два берагі; амфітэатр на беразе; рачны трамвай або гульнявы ​​замак на востраве ля Новага моста.

Пераможцам абяцалі грашовую ўзнагароду ад 6 да 9 тыс. рублёў, але іх так і не вызначылі.

Частку набярэжнай плануюць уладкаваць у межах праекта рэканструкцыі піўзавода. Тэрыторыя не будзе агароджаная, будзе спуск да ракі.