У жніўні 2024 года грамадзяне Літвы прыязджалі ў Беларусь 10 тыс. разоў. Летась за той жа перыяд іх было 33 тыс., а ў жніўні 2022 літоўцы наведвалі нашу краіну 50 тыс. разоў. Пра скарачэнне паездак у Беларусь у пяць разоў за два гады расказала Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паўплывала закрыццё пунктаў пропуску
На думку літоўскай памежнай службы, пераломны момант здарыўся ў сакавіку 2024 года, калі Літва закрыла два пункты пропуску: «Лаварышкі — Катлоўка» і «Райгардас — Прывалка». Гэта адразу ж паўплывала на колькасць візітаў у Беларусь. Калі ў лютым 2024 года грамадзяне Літвы з’ездзілі ў Беларусь крыху больш за 20 тыс. разоў, то ў сакавіку гэты паказчык склаў 8903.
Сёлета ў жніўні грамадзяне Літвы перасякалі мяжу з Беларуссю 10 120 разоў. Але некаторыя з іх уязджалі двойчы, таму колькасць унікальных уездаў у краіну склала 7358.
Чытайце таксама: Аўтобусаў паміж Літвой і Беларуссю стане яшчэ менш
Бязвіз спарадзіў «бум», але ненадоўга
Літоўцы пачалі актыўна прыязджаць у Беларусь пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму 15 красавіка 2022 года. Максімальную колькасць паездак зафіксавалі ў ліпені 2022 — крыху больш за 56 тыс., сведчаць дадзеныя Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
Паступова гэты паказчык памяншаўся. У снежні 2023 года з Літвы ў Беларусь з’ездзілі менш за 17 тыс. разоў.
Беларускія памежнікі лічаць агульную колькасць уездаў за ўвесь час дзеяння бязвізавага рэжыму. Паводле іх падлікаў грамадзяне Літвы з 15 красавіка 2022 да 2 верасня 2024 уязджалі ў Беларусь агулам 557 067 разоў.