Копію парыжскай славутасці ў маштабе 1:33 пабудаваў жыхар аграгарадка Гожа Анатоль. Вышыня вежы дасягае 10 метраў - яе нават відаць з трасы, якая вядзе ад Гродна да пункту пропуска «Прывалка» на мяжы з Літвой.
Важыць дзве тоны і будзе «лунаць» над зямлёй
Анатоль узвёў Эйфелеву вежу за месяц. Усе элементы, а іх больш за 2000, вырабляліся асобна. Канструкцыя важыць дзве тоны, а яе вышыня — 10 метраў.
«У гэтым і складанасць, і незвычайнасць працы, бо досыць няпроста выканаць усе прапорцыі», — распавёў Анатоль NewGrodno.by.
Работы над вежай яшчэ не скончыліся: мужчына плануе вырабіць спецыяльныя апоры і змантаваць асвятленне. Па задумцы пры штучным святле будзе стварацца ілюзія, быццам вежа лунае над зямлёй.
Вежу відаць на трасе, якая вядзе да памежнага пункту «Прывалка». Але пасля закрыцця пункту замежныя кіроўцы рэдка заязджаюць у Гожу. Часцей за ўсё мясцовыя жыхары заходзяць у двор Анатоля, каб зірнуць на вежу і сфатаграфаваць яе.
Што яшчэ вырабляў Анатоль
Эйфелева вежа — не адзіная пабудова, якую ўзвёў Анатоль. У яго двары таксама ёсць металічны дзьмухавец. На тое, каб зрабіць кветку, у мужчыны сышло 1,5 кіламетры дроту.
Уласнымі сіламі Анатоль пабудаваў і альтанку, а ўнутры зрабіў печ-комін і лазню.
Мужчына дадае, што таксама ён рабіў купалы для некалькіх цэркваў у Гродне і наваколлі.
Дзе ў Беларусі ёсць копіі вядомай вежы
У Гродзенскай вобласці ёсць яшчэ адна Эйфелева вежа. Яна знаходзіцца ў Слоніме на плошчы Леніна.
Усталяваны копіі вежы і ў іншых гарадах Беларусі: Століне, Салігорску, Гомелі, Заслаўі і Полацку. У аграгарадку Парыж, што знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, вежа таксама ёсць.
Чытайце таксама: Як знайсці ў Гродне дыван, малавядомы стрыт-арт і Эйфелеву вежу?