Дэмантаж моста праз яр паміж вуліцай Фамічова і лесапаркам Румлёва — першы этап рамонту, якія пачаўся ўлетку. Плануецца, што работы скончацца ў студзені 2025 года. Такі тэрмін пазначаны на пашпарце аб’екта.
Рамантаваць мост пачалі ў канцы чэрвеня — тады на пляцоўцы з’явілася спецыяльная тэхніка. Цяпер жа мост разабралі цалкам, паведамляе Newgrodno.by.
Наступны этап — узвядзенне новай канструкцыі. Новы мост будзе з парэнчамі 1,3 м вышынёй. Злучэнне моста і падыходаў да яго таксама абгародзяць, зробяць пандус, прадугледзяць асвятленне і сістэму зліву вады. Новую канструкцыю будуць узводзіць з маналітных жалезабетонных пліт. Раней планавалася, што работы завершацца да канца 2024 года. Цяпер тэрмін завяршэння — студзень 2025.
Мост на Фамічова закрылі больш за два гады таму
Дзякуючы мосту на Фамічова людзі маглі не рабіць вялікі круг, каб абысці яр. Але з пачатку 2022 года мост закрыты з-за аварыйнага стану.
Па тэме: Колькі грошаў гарадскія ўлады выдаткавалі на рэканструкцыю моста
У кастрычніку 2022 года высветлілася, што на мост страчаная праектная дакументацыя. У сакавіку 2023 года гарадская ЖКГ пачала шукаць распрацоўніка для перадпраектнай дакументацыі. На распрацоўку гатовы былі выдаткаваць 30 тыс. рублёў з бюджэтных сродкаў. Чыноўнікі вагаліся, ці дастаткова будзе ўзмацніць канструкцыі, ці давядзецца будаваць мост нанова.