У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі адкрыты 15 вакансій, у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі — 17. У асноўным шукаюць малодшых і старэйшых навуковых супрацоўнікаў. Рэдакцыя Hrodna.life спытала эксперта, з чым гэта можа быць звязана. Адказ не здзівіў.
У Гродзенскім музеі гісторыі рэлігіі шукаюць 15 супрацоўнікаў. З іх шэсць — тэхнічныя, а астатнія — профільныя. Шукаюць і кіраўнікоў - намесніка дырэктара па навуковай дзейнасці і загадчыкаў аддзелаў. Для гэтага патрэбны стаж працы на кіруючай пасадзе, профільная адукацыя, досвед працы ў музеі.
Таксама шукаюць мастака-рэстаўратара, музейнага наглядчыка, малодшага навуковага супрацоўніка.
У Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі адкрыты 17 вакансій. Шукаюць чатырох музейных наглядчыкаў. Не хапае таксама трох старэйшых навуковых супрацоўнікаў, аднаго навуковага супрацоўніка і сем — малодшых. Заробак залежыць ад стажу. Максімальная стаўка — 1100 рублёў. Мінімальны заробак — 300 рублёў на 0,25 стаўкі.
Таксама навуковых супрацоўнікаў, экскурсаводаў шукаюць у музеі Гродзенскай вобласці.
Навуковы супрацоўнік займаецца зборам і даследаваннем прадметаў у музеі. Тое ж самае робіць на выставах, а таксама кансультуе наведвальнікаў і вядзе дакументацыю.
Сыходзяць вузкія спецыялісты
Некаторыя супрацоўнікі самі звальняюцца з музеяў проста таму, што там мала плацяць. А некаторыя не могуць прайсці праз ідэалагічнае «сіта» пры спробе павышэння. Пра гэта Hrodna.life расказала крыніца, блізкая да музейнай справы ў Беларусі.
Часта звальняюцца спецыялісты вузкага профілю. Напрыклад, за апошнія гады гісторыка-археалагічны музей страціў загадчыцу аддзела архелогіі Наталлю Кізюкевіч. Калі прафесіянал такім чынам выпадае са сферы — то гэта ўжо надоўга. «Думаю, такі чалавек сябе ў Беларусі ў бліжэйшым часе не знойдзе», — лічыць суразмоўца Hrodna.life.
Гістфак недахоп не пакрывае
Замяніць усіх, хто звольніўся або каму не працягнулі кантракт, выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы не змогуць. «А што ў нас цяпер з гістфакам? Колькі ў нас спецыялістаў-гісторыкаў рыхтуюць увогуле? Ці хаця б набярэцца паўтары-два дзясяткі?» — разважае суразмоўца. Ён звяртае ўвагу, што ў аб’яднаным факультэце гісторыі, камунікацы і турызму засталіся толькі дзве ўласна гістарычныя кафедры з ранейшых чатырох. Фактычна, універсітэт рыхтуе мала гісторыкаў.
«Не ўсе, хто скончыў гісторыю, хочуць займацца гісторыяй. Не ўсе разглядаюць працу ў музеях. Тым больш за такія невялікія грошы», — дадае суразмоўца. 1000 рублёў для сённяшняга Гродна — не самая прывабная зарплата. Патрабаванняў і кантролю ў бюджэтнай сферы цяпер усё больш, а энтузіястаў, гатовых працаваць за невялікія грошы і для свайго задавальнення — усё менш.
Чаму не могуць знайсці кіраўнікоў?
З вакансіямі на кіраўнічыя пасады праблемы іншая — палітычная. «Усіх, хто прэтэндуе не вышэйшую пазіцыю, вельмі правяраюць па палітычную добранадзейнасць», — кажа крыніца Hrodna.life. Суразмоўца перакананы, што праблемы ў закрыцці вакансіі замдырэктара менавіта ў гэтым.
«Музеі, канешне, не разваляцца», — падсумоўвае суразмоўца. Усё яшчэ застаюцца энтузіясты, на якіх усё трымаецца і якіх за гэта церпяць і не звальняюць. Але ўстановы будуць дэградаваць.
Чытайце таксама: Не толькі замкі: якія цікавыя, але малавядомыя музеі варта наведаць у Гродне