Стогадовы драўляны будынак аднаўляюць у аграгарадку Крэва Смаргонскага раёна. Раней у ім жыла габрэйская сям’я, якая трымала ўнутры дома краму. Новыя ўладальнікі плануюць зрабіць з будынка аграсядзібу.

Захаваюць арыгінальны выгляд і адновяць інтэр'еры пачатку ХХ стагоддзя

Новы ўладальнік плануе захаваць арыгінальнае аблічча дома — часткі забудовы застануцца некранутымі. Але адзін з кутоў дома цалкам прагніў, таму зараз яго падымаюць з дапамогай дамкратаў, каб замяніць бярвенне.

Плануецца, што рамонтныя работы скончацца да зімы. Ужо з наступнага года спецыялісты зоймуцца аздабленнем — павінна атрымацца сядзіба з інтэр'ерамі пачатку ХХ стагоддзя, паведамляе газета «Светлы шлях».

Глядзіце таксама: Турыстычны маршрут Баруны-Крэва-Наваспаск. Ад віленскага барока да жаночага батальёна смерці

Апошнія 20 гадоў будынак пуставаў

Драўляны дом з’явіўся ў 1920-х гадах, калі Крэва аднаўлялася пасля Першай сусветнай вайны. Больш за 20 гадоў у адной палове будынка жыла габрэйская сям’я — другая палова была адведзена пад краму.

Новыя жыхары з’явіліся ўжо пасля Другой сусветнай, яны займалі дом да пачатку нулявых. Апошнія 20 гадоў будынак пуставаў і паступова руйнаваўся.

«Мы лічым важным захоўваць такія будынкі. Робім гэта для таго, каб аднавіць гістарычную спадчыну Крэва. Бо гісторыя гэтага месца багатая, а арыгінальных пабудоў засталося, на жаль, зусім няшмат. Такім чынам, мы захоўваем атмасферу старога мястэчка і прывабліваем сюды турыстаў», — распавёў новы ўладальнік.

Мястэчка Крэва вядомае адным з найстарэйшых замкаў эпохі ВКЛ. Таксама Крэва адзначылася ў час Першай сусветнай вайны, бо праз яго працяглы час праходзіла лінія фронту.

Чытайце таксама: Праз суд ліквідуюць фонд «Крэўскі замак». Ён 18 гадоў вывучаў і дапамагаў захоўваць спадчыну Крэва