Цягам года спрабуюць прадаць гродзенскую сядзібу апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Цана паступова падае, але пакупнікі пакуль не знаходзяцца.
Інфармацыя аб правядзенні чарговага аўкцыёна з’явілася на сайце Гродзенскага аблвыканкама. Стартавая цана лота — 315 тыс. рублёў. Гэта амаль на 20% танней, чым летась. Аўкцыён адбудзецца 21 жніўня 2024 года.
Будынак на вуліцы Прагулачнай 15/1 з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Пакупнік можа размясціць у ім культурна-асветніцкую ўстанову.
Спрабавалі прадаць палац двойчы
Упершыню сядзібу выставілі на аўкцыён у красавіку 2023 года — тады стартавая сума лота склала 374 тыс. рублёў. Наступным разам аб’ект паспрабавалі прадаць у ліпені 2024 года за 351 тыс. рублёў.
Сядзібу ў Панямуні пабудавалі для караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў 1771 годзе ў стылі позняга барока. Палац быў цагляны, атынкаваны, з простым дэкорам. Адзіным упрыгожаннем можна лічыць чатырохкалонны порцік на высокім цокалі. Ён захаваўся да сёння. Астатняя частка будынка была страчана і цяпер большая частка пабудовы — драўляная.