На новую спартыўна-гульнявую пляцоўку на вуліцы Рэпіна ў Гродне выдзеляць больш за 60 тысяч рублёў. Праект яе стварэння перамог у конкурсе грамадскіх ініцыятыў, які праводзіўся ў Гродзенскай вобласці.

Конкурс грамадскіх ініцыятыў арганізавалі мясцовыя і абласныя саветы дэпутатаў. Агулам фінансаванне ў ім атрымалі тры праекты. Толькі адзін з іх інклюзіўны — ён накіраваны на падтрымку дзяцей з ДЦП і прадугледжвае стварэнне спецыялізаванай спартыўнай пляцоўкі. Астатнія праекты прысвечаны будаўніцтву пляцовак для дзяржаўных фестываляў «Дажынкі» і «Паўлаўскі каравай».

Аўтары праектаў-пераможцаў абавязаны ўнесці не менш 10% сродкаў, неабходных для рэалізацыі праекту. Астатняе даплаціць дзяржава.

Што будзе на інклюзіўнай дзіцячай пляцоўцы ў Гродне

Цэнтру дапамогі «Вера» выдзеляць 62 661 рубель на новую спартыўна-гульнявую пляцоўку пад адкрытым небам. Яшчэ 6266,1 рубля павінен дакласці цэнтр з уласных сродкаў. Цэнтр хоча арганізаваць яе як месца, якім могуць карыстацца дзеці з інваліднасцю і без.

Спартыўная пляцоўка будзе часткай гарадскога парка і зоны адпачынку. Пляцоўка будзе адкрытай і гуляць там змогуць усе жадаючыя.

Паводле планаў цэнтра «Вера», пляцоўка мае складацца з некалькіх гульнявых і спартыўных комплексаў. Там плануюць размясціць стол-пясочніцу са спецыяльным месцам для пад’езду вазка і спецыялізаваную горку. Для развіцця дробнай маторыкі і развіваючых гульняў арганізуюць спецыяльныя панэлі, лабірынты і лічыльнікі. Для гульняў арганізуюць домікі, арэлі, кухню-майстэрню, мішэнь з лічыльнікамі, разнастайныя гойдалкі на спружынах, а таксама арэлі-балансір. На думку супрацоўнікаў Цэнтра дапамогі «Вера», абсталяванне дазволіць дзецям у гульнявой форме развівацца і ўзмацняць фізічнае здароўе.

На паперы гэты праект існуе восем гадоў. Спачатку ідэю агучвалі ў Гродзенскім гарвыканкаме і спрабавалі рэалізаваць яе сумесна з гарадской адміністрацыяй. На арганізацыю пляцоўкі спрабавалі атрымаць грантавае фінансаванне, а таксама знайсці інвестараў і партнёраў.

У Мастах да Дажынак пабудуюць «арэну», а ў Навасёлках — фестывальную пляцоўку

Другім пераможцам конкурсу ініцыятыў стаў праект «Масты-арэна-2». Згодна з ім, у Мастах, дзе сёлета адбудуцца абласныя «Дажынкі», на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы пабудуюць навес. Сама сцэна з’явілася раней у межах праекта «Масты-арэна-1», які таксама перамог у конкурсе грамадскіх ініцыятыў. Побач з арэнай плануюць пабудаваць 10-мятровую лаўку-тунэль — гэта будзе копія самага доўгага пешаходнага падвеснага моста ў краіне.

Па тэме: Як ідзе рэканструкцыя моста ў Мастах

Трэці пераможца — ініцыятыва з аграгарадка Навасёлкі. Там абсталююць пляцоўку для правядзення святаў, у тым ліку фестывалю «Паўлаўскі каравай». Абрад выпечкі Паўлаўскіх караваяў унесены ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.