Гродзенскія могілкі на праспекце Касманаўтаў называюцца «Сакрэт» — ад назвы аднайменнага ўрочышча на ўскраіне горада. Але адкуль узялася такая назва? Адна з жыхарак гэтай часткі горада даслала ў «Вячэрні Гродна» сваю версію ўзнікнення назвы. Гістарычны канал Hrodna 11:27 правёў фактчэкінг.

— Па адной з версій, лес так называецца, таму што падчас вайны тамака знаходзіліся партызаны. Мясцовыя жыхары насілі ім туды ежу і ваду. Паводле легенды там доўга стаяў шкілет згарэлага танка, ужо не ведаю, ці яго я бачыла ў дзяцінстве. Я там жыла, а гэтую гісторыю мне расказвалі старажылы, — напісала ў рэдакцыю гродзенка Іна.

Гэта азначала б, што назва «Сакрэт» з’явілася пасля Другой сусветнай вайны. Але гэта не так. Гэтую назву можна знайсці на царскіх, польскіх і савецкіх даваенных мапах.

Адкуль насамрэч узялася назва ўрочышча «Сакрэт» у Гродне?

Адказ можна знайсці ў кнізе Андрэя Павача «Легенды НЕстарой Гародні».

«Магчыма, яна [назва «Сакрэт"] звязана з… лацінскім прававым тэрмінам. Так раней называлі спрэчную тэрыторыю некалькіх феадалаў, на якую была накладзена судовая забарона. Магчыма, аднак, што нейкі час там мясціўся вайсковы пастарунак. На адной са старых мап Сакрэт пазначаны як тэлеграфная станцыя», — чытаем у кнізе Павача.

Такім чынам, назва ўрочышча «Сакрэт» значна старэйшая за гісторыю Другой сусветнай вайны і ніяк з савецкімі партызанамі не звязаная.

Чытайце таксама: Аўльс, Сакрэт, Чэхаўшчызна. Адкуль узяліся цікавы назвы ў Гродне і ваколіцах