Магазін бяспошліннага гандлю пабудуюць каля аўтадарожнага пункта пропуску «Лоша — Шумскас». На гэта плануюць выдаткаваць пяць месяцаў - са жніўня да снежня 2024 года.
Упраўленне капітальнага будаўніцтва Астравецкага раёна шукае арганізацыю для будаўніцтва і абслугоўвання крамы. На будаўніцтва выдаткуюць крыху больш за 1 310 130 рублёў. З абсталяваннем — 1 511 397 рублёў.
Заказчык перамоў - Гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Дыпмаркет». Гэта фірма ў структуры Упраўлення справамі Прэзідэнта, якой падпарадкоўваюцца крамы бяспошліннага гандлю ў мінскім аэрапорце і ў некаторых наземных пунктах пропуску.
Пункты пропуску «Лоша-Шумскас» закрытыя — так вырашыла Літва. На гэты момант на мяжы з Літвой працуюць толькі пункты пропуску «Каменны Лог» і «Беняконі».