Фестываль нямога кіно і сучаснай музыкі «Кинемо» зладзіць у жніўні паказы ў Музеі гісторыі рэлігіі. Гэта адзіны ў Беларусі open air фестываль, у рамках якога паказваюць нямыя фільмы, агучаныя сучаснымі музыкамі.
Пакажуць «Шлюб назло» і «Берлін. Сімфонія вялікага горада»
У праграме — дзве стужкі. «Душэўна, пранікліва і незабыўна — усё гэта ідэальна апісвае атмасферу на фестывалі. І вы можаце правесці гэтыя вечары з намі», — пішуць арганізатары.
Першы паказ пройдзе 23 жніўня — гэта будзе камедыя з элементамі драмы «Шлюб назло» 1929 года рэжысёраў Эдварда Сэджвіка і Бастара Кітана.
Музычнае суправаджэнне выканае піяністка Паліна Задрэйка.
Другі фільм — «Берлін. Сімфонія вялікага горада» — пакажуць 24 жніўня. Дакументальная стужка нямецкага рэжысёра Вальтэра Рутмана была знята ў 1927 годзе.
Акампаніраваць на фартэпіяна будзе Аляксандр Музыкантаў, на марымбе (ударны музычны інструмент, падобны да ксілафона) зайграе Аляксандра Ганькова.
Паказы пачнуцца ў 21:00 у дворыку Музея гісторыі рэлігіі. Цана білетаў — 30 рублёў. Набыць іх можна ў касе музея загадзя або ў дні паказаў.
Фестываль «Кинемо» праходзіць у Гродне ўжо 10 гадоў. Але быў перапынак
Фестываль «Кинемо» праходзіць у Гродне з 2014 года. І заўсёды — у дворыку Музея гісторыі рэлігіі. Але ў 2021 годзе музей нечакана вырашыў не прадстаўляць фестывалю пляцоўку — тады прычыну не патлумачылі.
«Нам вельмі шкада губляць цудоўнага шматгадовага партнёра ў выглядзе музея, але ў дадзенай сітуацыі мы зусім бяссільныя», — адзначалі арганізатары фестывалю.
Улетку 2023 года паказы ў дворыку музея аднавіліся.