Бізнес па вытворчасці кухоннай мэблі гродзенец распачаў у 2010 годзе. Праз чатыры гады пачаліся страты. Каб захаваць фірму, мужчына браў крэдыты, а пасля пачаў пазычаць у знаёмых. Вяртаць грошы ён не планаваў - на яго завялі справу за махлярства. Hrodna.life паспрабаваў выстветліць, да якіх фірм ён меў дачыненне.
Супраць 46-гадовага мужчыны ўзбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 КК — махлярства ў асабліва буйным памеры. Раней да крымінальнай адказнасці гродзенец не прыцягваўся.
Следства знайшло пяцярых пацярпелых, якія пазычылі фігуранту грошы, але не атрымалі іх назад. Гэта людзі рознага ўзросту і прафесій. Мяркуецца, што ёсць і іншыя факты махлярства. Зараз следчыя шукаюць іншых пацярпелых, паведамілі ва Упраўленні Следчага камітэту па Гродзенскай вобласці.
З 2010 года падазраваны меў бізнес па вытворчасці кухоннай мэблі. З 2014 года пачаліся праблемы. Каб захаваць стратную фірму, мужчына неаднойчы браў крэдыты, а калі і гэтых грошай ужо не хапала — пазычыў буйныя сумы ў знаёмых і заказчыкаў. У 2021 годзе мужчына стварыў новы бізнес, але, як піша СК, «гісторыя паўтарылася».
Агулам цягам сямі гадоў на развіццё і падтрымку стратнага бізнесу ён пазычыў 100 тыс. рублёў. Следства высветліла, што акрамя даўгоў перад заказчыкамі ў мужчыны вялікая запазычанасць па рахунках за электраэнергію, а таксама арэнду памяшканняў.
Следчы камітэт размясціў фота падазраванага. Hrodna.life паспрабаваў высветліць, якім бізнесам валодаў мужчына.
Аказалася, што ў верасні 2019 годзе гродзенец, або надзвычай падобны да яго чалавек, з’явіўся на фотаздымку разам з прадстаўнікамі ТАА «ВудСервісМаркет» і СЭЗ «Гроднаінвест». Тады «ВудСервісМаркет» акурат стаў новым рэзідэнтам «Гроднаінвест» і на індустрыяльнай пляцоўцы свабоднай эканамічнай зоны ў Гродне павінен быў рэалізаваць праект па стварэнню вытворчасці аддзелачных матэрыялаў.
Пацвердзіць або абвергнуць дачыненне гродзенца да «ВудСервісМаркет» у рэдакцыі не атрымалася.
У канцы снежня 2021 года мужчына (або неверагодна падобны да яго чалавек) патрапіў на іншы здымак — гэтым разам у якасці новага рэзідэнта навукова-тэхналагічнага парка ГрДУ імя Янкі Купалы. Тады парк папоўніўся шасцю новымі рэзідэнтамі, сярод якіх былі кампаніі, звязаныя з драўлянай і будаўнічай вытворчасцю. Але якую з фірм мог прадстаўляць гэты чалавек, высветліць таксама не атрымалася.
Гродзенскі абласны суд прызнаў Ежы Грыгенчу вінаватым паводле чатырох крымінальных артыкулаў. Яму прызначылі шэсць гадоў…
Блогер з Гродна Аляксей Саўко з ростам у 136 см апублікаваў фота ў футболцы “Команда…
Экран вышынёй 7 метраў з’явіўся на фасадзе гандлёва-забаўляльнага цэнтра Triniti на праспекце Янкі Купалы. Гэта…
Гродзенская вобласць страціла лідарскую пазіцыю па колькасці арганізаваных турыстаў. Цяпер сярод найбольш папулярных напрамкаў —…
Аперацыя праводзіцца на тэрыторыі Гродна і Гродзенскага раёна ў рамках камандна-штабных вучэнняў сілавікоў. На час…
Байкеры выявілі ў Пышках дрот, нацягнуты на ўзроўні шыі. Відэа яны размясцілі ў TikTok. "Вось…