Пасля моцных дажджоў пачалі разбурацца берагі Гараднічанкі ў месцы ўпадзення рэчкі ў Нёман. Іх цалкам заклалі бетонам у час рэканструкцыі маста па вуліцы Рыбацкай. Добраўпарадкаванне берагоў скончылі ў канцы чэрвеня, але, магчыма, будаўнікам давядзецца туды вярнуцца.
Фота апублікаваў у групе «ГРОДНА» ў Facebook Аляксандр Архіпаў. Гродзенец і раней адзначаў, што ніжні ярус бетонных умацаванняў берага не быў ніяк замацаваны. На ягоную думку, так рабіць нельга.
«Пару ліўняў і змые ці апусціцца! Калісьці ў старыя часы забівалі ў вусце драўляныя палі, гадоў 10 таму яшчэ былі бачныя ў створы левага берага», — пісаў Аляксандр у групе «ГРОДНО» у Facebook. І меў рацыю.
«А я папярэджваў, што нельга так будаваць! Год Якасці!» — напісаў ён у сацсетцы аб разбурэннях, якія пачаліся на берагах ракі.
У той жа групе крытыкаваў добраўпарадкаванне рэчышча Гараднічанкі і архітэктар Аляксандр Штэн:
«Дызайнам і не пахне, да таго ж небяспечнае. Калі ветрам здзьме капялюш у гэты канал, то развітвайцеся з ім. Да вады не падысці. Чым больш бетону, тым больш бруду. Гараднічанка замест зялёнай прагулачнай артэрыі горада ператворыцца ў дыхтоўную сцёкавую канаву. Дысананс з гістарычнымі ландшафтам і забудовай відавочны. Не трэба быць прафесіяналам. Натуральныя берагі хоць неяк самі чысцяць ваду, якая зліваецца ў рачулку. Адна надзея, што трава расце скрозь гэтую бетонную кальчугу».
Чытайце таксама: Добраўпарадкаваць набярэжную Нёмана плануюць да 2028 года